Віляйчане змогуць піць “сваё” малако, з прывычным для іх смакам. Маладзечанскі малочны камбінат падкарэкціраваў сыравінную базу.
Пра гэта “РГ” 22 лютага паведаміў дырэктар камбіната Уладзімір Боб­рык. Паводле яго слоў, малако і раней адпавядала стандартам якасці. “Але паколькі віляйчане наракалі на смак прадукта, то нядаўна, з тыдзень таму, мы пачалі браць сыравіну ў сельгаскааператыва “Нарачанскія зоры”, што ў Вілейскім раёне”, – адзначыў Уладзімір Бобрык. Атрыманае пастэрызаванае малако, расфасаванае ў фірменныя пакеты Маладзечанскага малочнага камбіната, прадаецца ў Вілейцы і іншых населеных пунктах рэгіёну.

Кіраўніцтва “Нарачанскіх зораў” ў інтэрв’ю нашаму выданню пацвердзіла, што 20 тон малака штодзень ідзе ў Маладзечна. Праўда, адно гэта сельгаспрадпрыемства не можа цалкам забяспечыць патрэбаў камбіната: сыравіну яму пастаўляюць усе гаспадаркі Маладзечанскага раёна, а таксама некаторыя Валожынскага і Вілейскага.

Святлана ЦІШКО.