На фінале конкурсу “Міс Беларусь-2010” 30 красавіка Маладзечанскі раён будзе прадстаўляць студэнтка Белдзяржуніверсітэта Наталля Пятроўская.
Ад 1 сакавіка ўсе дзяўчаты, якія прайшлі адбор, – 30 чалавек з усёй Беларусі – жывуць у адной з мінскіх гасцініц. Кожны дзень яны рыхтуюцца да конкурсу – па дзве гадзіны харэаграфіі і дэфіле, трэнажорная зала, плаванне. Увечары таксама працуюць – прымеркі адзення, фота- і відэаздымкі. Адпачывалі толькі ў вечар заезду ды 8 Сакавіка не было заняткаў – ездзілі ў “Сілічы”, гандлёвы цэнтр, хадзілі ў кінатэатр. Акрамя таго, Наталля выконвае некаторыя пісьмовыя работы і электроннай поштай адпраўляе іх выкладчыкам універсітэта. Астатняе будзе здаваць пасля конкурсу.

Паколькі Наталля як студэнтка мае часовую прапіску, то і кастынг яна праходзіла ў сталіцы. Пасля, калі арганізатары конкурсу разабраліся, яна стала прадстаўніцай Маладзечна.

Пайсці на конкурс Наталлі параілі бацькі. “Сказалі: “Ідзі, паспрабуй. Думаем, у цябе атрымаецца. Ды і проста паглядзіш, як трымацца, з новымі людзьмі пазнаёмішся”, – успамінае дзяўчына. Яна рашылася і прайшла кастынг: трэба было расказаць пра сябе, крыху станцаваць – парухацца пад музыку, выхад у купальніку і фотасесія. Увогуле да ўдзелу дапускалі толькі незамужніх грамадзянак Беларусі 18-24 гадоў, ростам ад 175 см.

Галоўныя тытулы тры: “Другая Віцэ-міс”, “Першая Віцэ-міс” і “Міс Беларусь-2010”. Журы вызначыць таксама “Міс Сяброўства” і “Міс Дабрачыннасць”.

Святлана ЦІШКО.

Фота з уласнага архіва Наталлі Пятроўскай.

Дэфіле падчас конкурсу “Міс Талент”. Трансляцыя канала ОНТ 25.04.2010.