“Людзі цяпер нервовыя, – расказвае адна жанчына другой. – Прыходжу вечарам да суседкі, а яна гадзіннікі са сцен здымае. Кажа, цікаюць, заснуць не даюць”.

“Падзеле гадзіннікаў, я жыць магу, – смяецца тая, – ніколі нават не чую, як яны працуюць. Не валодаю сабой, калі ноччу на стаянцы пад вокнамі машыны пачынаюць “выць”. Здаецца, схапіла б якую паляняку і ўсе, як адну, паразбівала. Неяк не вытрымала, выбегла на балкон і як гаркну: заразы, зараз жа адключыце сігналізацыю, інакш у міліцыю пазваню. Думаеце хто мяне пачуў? Толькі нервы ўзняла. Не толькі сабе, але і суседцы, якая спала з адчыненым балконам і ад майго крыку прачнулася”.

Маці сварылася з сынам. Таксама за цішыню. Вар’яцела яна ад таго, што за камп’ютарам доўга сядзіць, музыку гучную слухае, сяброў дадому розных водзіць. Аднойчы сарвалася. Крычала так, што не толькі ў пад’ездзе было чуваць, але і на вуліцы. У злосці пабіла талерку, якую ён са стала не прыбраў, коўдру з незасланага ложка на падлогу скінула ды яшчэ нагамі ў шаленстве па ёй патапталася. Пакрыўдзіўся хлопец, сказаў, што будзе жыць асобна. Маці здавалася, што гэта проста размовы, што пройдзе дзень, другі і ўсё стане на свае месцы. Не стала. Сын сабраў рэчы, пайшоў на кватэру да чужых людзей.

Мабільны тэлефон яна з таго дня насіла ў кішэні. Усё думала: а раптам не пачую, калі сын будзе званіць. Дзверы ў прыхожую ніколі не зачыняла. Баялася, што не паспее дабегчы да тэлефона. А ён маўчаў. Тыдзень, другі, трэці. Цяпер жанчына вар’яцела ад іншага – невядомасці і цішыні, якая ёй ужо была непатрэбная.

Урэшце яны ўсё ж памірыліся. Праўда, не­надоўга. Сын ажа­ніў­ся, прывёў у дом маладую жонку. Яна часта працавала ў другую змену, прыходзіла дадому позна, чым страшэнна злавала свякроў. “Сноўдаецца туды-сюды, ваду ў ваннай пускае, у халадзільнік лазіць, – крычала яна ў істэрыцы на нявестку, – сумленне мець трэба, я стары чалавек, мне патрэбны спакой. У мяне, нарэшце, нервы”. Цяпер жыве адна. Але ўсё адно злая. Бо дзеці ў яе “няўдзячныя”. Адну кінулі.

І цяпер гэта нервовая мо, ужо паўгода вя­дзе барацьбу з суседзямі, якія робяць у кватэры рамонт. Кажа, што калі ў іх гудзе дрыль, то ў яе такое адчуванне, быццам бы дзірку ў галаве свідруюць. Толькі маладая пара на заўвагі бабулі не рэагуе. Ім бы самім разабрацца. Стомленыя рамонтам, сварацца кожны дзень. Ён называе яе істэрычкай. Яна крычыць, што муж эгаіст і гультай несусветны, які нічога сам не можа вырашыць і зрабіць.

У роспачы ён узяў адгул, купіў на рынку шпалеры і за выхадныя, пакуль жонка з сынам былі ў маці, паклеіў дзіцячы пакой. Думаеце, яна пахваліла? З саменькага парогу пачала крычаць, што ён дурань і асёл. Бо ці ж купіць нармальны мужчына для пакоя, дзе будзе жыць хлопчык, шпалеры з ружовым адлівам.

Ён пакрыўдзіўся, сха­піў у рукі шпатэль і ў парыве гневу спрабаваў іх садраць са сцяны. Яна трымала, не дава­ла, галасіла, крычала, што пажартавала. Карацей, сапсавалі толь­кі адну сцяну. Тры ўдалося ўратаваць. Вечарам памірыліся, вы­пі­лі па пяць таблетак валяр’янкі, запілі сар­дэчнымі каплямі і вырашылі, што ніхто з іх у тым, што здарылася, не вінаваты. Гэта ж усё яны, нервы праклятыя…

Марына СЛІЖ.