Каманда цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” стала лепшай на першынстве Мінскай вобласці па суднамадэльным спорце ”Абаронца Айчыны-2010”, які прайшоў у Мінску.

Пераможца абласнога першынства па суднамадэльным спорце маладзечанец Антон Русакевіч.
Фота забяспечана клубам “Ветразь”.

Усяго на конкурс было прадстаўлена больш за 20 мадэляў з пластыку і дрэва. Рыхтаваліся маладзечанцы вельмі адказна і сур’ёзна. Па іх словах, на адну работу можа пайсці не адзін год, але гэта праца вартая ўсіх намаганняў.

Вынік – чатыры першыя і два другія месцы ў розных намінацыях, і гэта ўпэўненая перамога маладзечанцаў сярод іншых удзельнікаў спаборніцтваў, якіх было каля сотні.

У намінацыі “Прамахадзячыя мадэлі” пераможцам стаў Антон Русакевіч. Арсень Варабей прадставіў лепшую мадэль з механічным рухавіком, першае месца са сваёй мадэллю заняў таксама Мікалай Паплёўка. А вось Яўген Кахцюк заняў адразу і першае, і другое месцы ў адной намінацыі стэндавых мадэляў з пластмасы. Падчас спаборніцтваў сваіх выхаванцаў падтрымлівалі іх трэнеры.

Па словах Мікалая Хрэшчыка, кіраўніка клуба “Ветразь”, хлопцы паказалі вельмі добры вынік, але ёсць куды расці далей. Дарэчы, у гэтым годзе клуб “Ветразь” адзначае сваё 25-годдзе. Цяпер ён ужо з’яўляецца прызёрам шматлікіх конкурсаў нават міжнароднага ўзроўню. Праз некалькі тыдняў гурткоўцы з “Маладзіка” зноў едуць на спаборніцтвы. Канешне, яны, як заўсёды, упэўненыя ў сваёй перамозе. Пажадаем землякам поспеху і здзяйснення запланаванага.

Таццяна БАЖКО, моладзевая рэдакцыя “РГ”.