Архіўны матэрыял, змешчаны ў “Рэгіянальнай газеце”, №38 ад 22 верасня 2006 г.

Выхаванка школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, дзесяцігадовая Віка, якая ад чэрвеня гасцявала ў італьянскай сям’і, яшчэ не вярнулася на радзіму.

Сям’я не хоча аддаваць дзяўчынку,бо ў інтэрнаце, нібыта, ёй пагражаюць маральныя і фізічныя здзекі ад старэйшых выхаванцаў. Беларускі бок катэгарычна адмаўляе такія сцвярджэнні і настойвае на вяртанні Вікі.

Намеснік дырэктара школы-інтэрната Марыя Дзяруга ў інтэрв’ю “РГ” 19 верасня паведаміла, што Віка, дзяўчынка з Лагойшчыны, у якой няма ні бацькі, ні маці, з групай дзяцей 4 чэрвеня адправілася на аздараўленне ў горад Кагалета, што пад Генуяй. Вярнуцца павінны былі 28 жніўня. Аднак гэтага не адбылося.

У сярэдзіне верасня на італьянскіх інтэрнэт-сайтах была змешчана інфармацыя, што, па словах мужа і жонкі, у якіх знаходзілася Віка, дзяўчынка пагражае скончыць жыццё самагубствам, калі яе вернуць у Беларусь, бо ў інтэрнаце з яе фізічна і маральна здзекуюцца старэйшыя выхаванцы. На сайтах быў нават змешчаны фотаздымак нібыта малюнка Вікі, дзе дзяўчынка намалявала сябе прывязанай да крэсла. Паводле інфармацыі італьянцаў, сям’я звярнулася ў мясцовы суд з просьбай дазволіць прадоўжыць знаходжанне Вікі ў Iталіі. Рашэнне было станоўчым.

Як расказаў “РГ” начальнік аддзела адукацыі Вілейскага райвыканкама Уладзімір Бадзееў, пасля такога рашэння суда ў справу ўмяшалася наша Міністэрства замежных спраў, якое пратэставала супраць разбору гісторыі без удзелу беларускага боку. Пасля заявы Міністэрства 6 верасня адбыўся другі суд, які адмяніў рашэнне першага і вырашыў адправіць дзяўчынку ў Беларусь пад гарантыі яе бяспекі на радзіме.

Да высвятлення сітуацыі, якая склалася ў школе-інтэрнаце, Віку гатовы быў прыняць дзіцячы сад №12, на базе якога працуе дзіцячы сацыяльны прытулак. Пра гэта паведаміла “РГ” дырэктар прытулка Святлана Карначова. Віку тут чакалі ў ноч з 8 на 9 верасня. Аднак не дачакаліся.

Марыя Дзяруга расказала нашаму выданню, што 8 верасня ў італьянскім аэрапорце сабралася група беларускіх дзяцей для адлёту дамоў. Сям’я, у якой гасцявала Віка, дзяўчынку не прывезла. Настаўніца Слуцкай школы-інтэрната, што суправаджала групу, на правах апекуна звярнулася ў паліцыю і заявіла аб крадзяжы дзіцяці. У Iталіі вымушаныя былі затрымацца і астатнія дзеці, яны толькі на днях вярнуліся на радзіму. Без Вікі.

Намеснік дырэктара Вілейскай школы-інтэрната ўпэўненая, што італьянская сям’я наўмысна, незаконна і беспадстаўна хавае дзяўчынку. Марыя Дзяруга катэгарычна адмаўляе наяўнасць якіх бы там ні было фактаў насілля ў дзіцячым калектыве сваёй навучальнай установы.

Па словах педагога, фактаў насілля не выявіла незалежная экспертная камісія Міністэрства адукацыі, якая працавала ў інтэрнаце два дні. У камісію ўвайшлі дзевяць чалавек, сярод якіх юрыст, кандыдат псіхалагічных навук, псіхолагі, педагогі, сацыяльныя работнікі.

 Сяргей ЗЯНЬКО.