У хрысціянскім календары гэта свята рухомае і штогод прыпадае на перыяд з 4 красавіка па 8 мая. У каталікоў яно адзначаецца ў нядзелю пасля поўні, якая наступае следам за 21 сакавіка, ці, дакладней, перыядам вясенняга раўнадзенства, а ў праваслаўных – пасля 21 сакавіка адлічваецца ўперад 13 дзён і таксама вызначаецца нядзеля пасля поўнага месяца. У гэтым годзе каталікі і праваслаўныя будуць адзначаць свята ў адзін дзень – 4 красавіка.

У народным жыцці яно мае свае адметныя адценні і каларыт. Напярэдадні да чацвярга, які называюць “чысты чацвер”, людзі старанна прыбіралі ў хаце, мылі падлогу, вокны, бялілі ці абклейвалі шпалерамі пакоі, мыліся ў лазні. А ў суботу зранку завешвалі на вокны новыя фіранкі, замешвалі ў дзяжы цеста на пірагі і з абеду распальвалі ў печы. Кожная гаспадынька рыхтавала святочныя стравы: смажыла мяса, кілбасы, варыла цыбульнае шалyпінне і фарбавала ў яго адвары велікодныя яйкі.

А вечарам з кожнай сям’і звычайна гаспадар ці старэйшыя людзі ішлі ў храм “на ўсяночную”. 3 сабою бралі па кавалачку кожнай стравы: мяса, сала, пірог, яйкі, соль, масла, кілбасу. Зразумела, што ні адна царква або касцёл не маглі ўмясціць усіх ахвотных, таму людзі часцей збіраліся ў бліжэйшых хатах, у сваякоў і знаёмых, каб апоўначы выйсці да храма і разам з усімі хрысціянамі сустрэць радасны час уваскрэсення Ісуса Хрыста і прысутнічаць у час вынасу з храма святых харугваў з лікам святых і ўрачыстага шэсця.

Пасля заканчэння ўсяночнай пачыналася асвячэнне прынесенай ежы. Людзі выстройваліся ля царквы, выкладвалі на сталы, а часам і проста на разасланыя на зямлі ручнікі, прынесеную з сабой для асвячэння ежу.

“Менавіта гэты момант я і паказаў на сваім малюнку, – расказвае дырэктар школкі дзядзька Капцюг. – Бачыце, на стале ляжаць два кольцы кілбасы, сала, вялізны пірог, яйкі, у сальніцы – соль. Памятаю, бабуля ў дзяцінстве расказвала, што з сабой у царкву неабавязкова браць шмат ежы. Хаця некаторыя нясуць і масла, тварог, хлеб, сала”.

Народу ля царквы дзядзька Капцюг “сабраў” багата. Ля ног кожнага раскладзеная святочная яда. Бацюшка асвячае яе святой вадой, вяскоўцы хрысцяцца. А людзей тым часам прыбывае і прыбывае. Свята прыйшло ў кожную сям’ю, у кожны дом.

У царкве альбо касцёле людзі стараліся доўга не затрымлівацца. Існавала павер’е, што разгаўляцца трэба як мага раней. Тады ў доме справы будуць спорыцца і ўдача не пакіне.

Урачыстае святочнае снеданне пачыналася з чырвонага свянцонага яйка. Кожны з’ядаў сваю долю са свянцонай соллю і прымаўся за сала вэнджанае, мяса варанае, кілбасу, сыр, тварог са смятанай.

Скончыўшы разгавенне, старыя ў доме клаліся спаць, а малодшыя бралі чырвоныя яйкі і адпраўляліся на вуліцу гуляць у “біткі”. Вельмі радаснымі і жаданымі велікодныя дні былі для дзетак. У гэтыя дні да іх у госці прыходзілі хрышчоныя бацькі. Ды не з пустымі рукамі, з падарункамі.

Весялілася і моладзь. Яна збіралася групкамі, і, узяўшы ў кампанію гарманіста, ішла ў валачобнікі. Гаспадароў прывячаць, шчасця жадаць.

Падрыхтавала Марына СЛІЖ.