“На вуліцах і дарогах цяпер вельмі шмат аўтамабіляў з дрэнным знешнім выглядам і яўнымі прыкметамі тэхнічнай няспраўнасці, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” інспектар дарожна-паставой службы Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч. – Гэта нягледзячы на тое, што тэхагляд у некаторых з іх пройдзены. Шкло машын таніраванае звыш устаноўленых нормаў, з наклейкамі і выявамі ў тых месцах, дзе наклейваць іх нельга. Падчас правядзення аперацыі вадзіцелям прыйдзецца прыбраць усё лішняе са сваіх аўто”.

Рэгіянальны прадстаўнік прадпрыемства “Белтэхагляд” у Маладзечне Юры Лазар адзначае, што прастой аўтамабіля зімой, а таксама яго эксплуатацыя на марозе дрэнна адбіваюцца на тэхнічным стане машыны. Таму цяпер, вясной, вадзіцелям трэба абавязкова праверыць рулявое кіраванне, тармазную сістэму, светлавыя прыборы, экалагічныя паказчыкі рухавіка.

Выправіўшы ўсе недахопы, трэба прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд аўтамабіля. Тым больш, што цяпер для гэтага самы спрыяльны час, бо пакуль не ўсе аўтаўладальнікі пасля зімы селі ў свае аўто, і на дыягнастычных станцыях няма чэргаў.

Нельга забывацца пра адміністрацыйную адказнасць за тое, што ва ўстаноўлены тэрмін не пройдзены дзяржтэхагляд транспартнага сродку і за кіраванне аўтамабілем з не пройдзеным тэхаглядам. За такое парушэнне можна атрымаць штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь (да 70 000 рублёў).

У Маладзечне і раёне ў бліжэйшыя выхадныя асабліва ўважлівымі на дарогах павінны быць пешаходы. Тры дні, 26-28 сакавіка, раённая дзяржаўтаінспекцыя праводзіць комплекс мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Пешаход”. Па словах Дзмітрыя Стасюлевіча, мерапрыемствы праводзяцца з-за складанай абстаноўкі на дарогах і вялікай колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў.

Мэта аперацыі – прафілактыка такіх здарэнняў, пакаранне пешаходаў, якія парушаюць правілы дарожнага руху і не носяць святлоадбівальныя элементы ў цёмны час сутак.

Кашалькі недысцыплінаваных пешаходаў цяпер могуць аблегчыцца больш значна. Раней за парушэнне можна было атрымаць папярэджанне альбо штраф да 0,5 базавай велічыні (да 17 500 рублёў). Цяпер пакаранне ўзмоцненае. Пешахода могуць папярэдзіць, а могуць аштрафаваць на суму ад адной да трох базавых велічынь (35 000 – 105 000 рублёў).

Сяргей ЗЯНЬКО.