У пару майго школьнага дзяцінства пытання, што апрануць на заняткі, не існавала. Можа таму, што адказ на яго быў толькі адзін: школьную форму.
Хаця, для каго я гэта ўсё расказваю? Людзі майго веку, ды і старэйшыя, гэта памятаюць. А моладзь? Моладзь у пошуках гэтых вось сукенак напярэдадні апошняга званка “ператрасае” ўсіх сваіх знаёмых. Модным у іх цяпер стала прыйсці ў школу на гэта мерапрыемства ў “рэтра”, так скажам, адзенні.

“Тэлефануе мне вечарам Аня, – расказвае адна знаёмая, – ды і пытаецца: Ніна, табе сукенку аддалі? Не, кажу, я ўжо і не спадзяюся яе знайсці”. Не хвалюйся, смяецца жанчына, вернем. Яна цяпер у Зоі, яе ж дачка сёлета школу заканчвае. А ваша сукенка шчаслівая. Хто ні апране на апошні званок, абавязкова з першага разу на бюджэт паступае.

На маім апошнім школьным званку дзяўчаты таксама былі ў такіх вось школьных сукенках. А калі заканчваў школу сын, яго аднакласніцы ўжо мала былі падобныя да школьніц. Хаця з класа сёмага ад іх ужо патрабавалі дзелавога стылю адзення. Што гэта такое, сказаць дакладна мог мала хто. Ад вучняў патрабавалі аднаго: не хадзіць на заняткі ў джынсах і рознакаляровых байках, світэрах. Пазней у міністэрстве зарыентаваліся, раза­сла­лі па школах рэка­мендацыі.

На сходзе класныя кіраўнікі па­тлумачылі, што світэры і камізэлькі апранаць усё ж можна. І хлопцы з задавальненнем паскідалі ненавісныя пінжакі. Вясной і восенню, калі хадзілі ў школу без верхняга адзення, жыць з імі было яшчэ можна. А вось у халады… З-пад адной курткі пінжак тырчаў, і яго даводзілася ледзь не запраўляць у штаны, каб дзіця не ішло па вуліцы пудзілам. У другую, зімовую, у такім убранні сын ледзь улазіў. І кожную раніцу казаў, што надакучыла быць снегавіком.

Да новага навучальнага года яшчэ вунь як далёка. А ў сродках масавай інфармацыі зноў актыўна абмяркоўваецца пытанне: быць ці не быць дзелавому стылю. Тут жа паведамляецца, што прадпрыемствы да новага сезона падрыхтавалі 145 новых мадэляў. І гэта не лічачы трыкатажных вырабаў, абутку і іншага спадарожнага тавару.

Пра спадарожны тавар і абутак я прамаўчу. А вось гэтыя 145 мадэляў неяк раззлавалі. Кожную восень, збіраючы дзяцей у школу, бацькі бегаюць з магазіна ў магазін у пошуках якога-небудзь больш-менш вартага адзен­ня і ўрэшце купляюць тое, што ёсць. Калі для дзяўчынак пачатковых класаў яшчэ ёсць які-небудзь выбар, то старшакласніц нават памераць не прымусіш тое, што вісіць у нашых магазінах.

А хлопцы? Які выбар у іх? Усё той жа касцюм за тысяч гэтак 350, пінжак ад якога яны адзенуць два разы ў год: 1 верасня на першы званок і 25 мая – на апошні.

“Мне трэба схадзіць адначасова да двух дак­та­роў: лора і акуліста”, – любіць казаць адзін мой калега. І тут жа ўдакладняе: “Не магу разабрацца, чаму чую адно, а бачу другое”. Напэўна, напярэдадні 1 верасня вазьму талончык да гэтых дактароў і я. Бо новыя мадэлі адзення для школьнікаў пачнуць шыць толькі з ліпеня, значыць, да жніўня, як піць даць, усіх апрануць не паспеюць…

Марына Сліж.