Біблія­тэ­кар­­ка Спондаўскай біблі­ятэкі Іаланта Равойць названая “Жанчынай года Гродзеншчыны” ў намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”.

Рэдкая з’ява – затулены паміж лясоў Астравеччыны хутар Глушыца даў свету нямала знакамітых людзей. У гэты рад я хачу паставіць і Іаланту Равойць, якая, заняўшыся вывучэннем сваёй малой радзімы, пяць гадоў таму захацела сабраць разам на родным хутары ўсіх яго знакамітых дзяцей. Іаланта сустракала кожнага з іх, старанна занатоўвала аповеды, каб потым апрацаваць і выдаць кнігу “Калыска талентаў – Глушыца”.

Кніга, лічыць аўтарка, атрымалася зусім выпадкова. Першай прычынай яе з’яўлення на свет была звычайная вечарына, якую яна, сельская бібліятэкарка, правяла ў вёсцы. Так хацела, каб пра яе расказала раённая газета, але журналісты прыехаць не змаглі. Прапанавалі Іаланце: напішы сама. Яе рэпартаж надрукавалі без змен.

– Па маладосці, – успамінае жанчына, – у мяне хапіла розуму занатоўваць усё тое, што ведала мая матуля Эльвіра Янаўна Валуе­віч, сялянка з Глушыцы. А ведала яна шмат – мясцовыя прыказкі, прымаўкі, песні, цікавыя легенды і гісторыі роднага краю.

Таму ўслед за першай кнігай у Іаланты Валуе­­віч выйшла яшчэ некаль­кі. Зборнік “Матуліна мова жыве ў родным краі” сабраў пад сваёй вокладкай памерлыя дыялекты Спондаўскага краю, а таксама прыказкі, прымаўкі, праклёны, прыпеўкі – увесь той моўны скарб, які даследчыца збірала па вёсках.

Адначасова ў выда­вецтве “Сумежжа” вы­ходзіць яшчэ адзін твор – “Хочаце – верце, хочаце – праверце”. Ён таксама сабраны з россыпаў мясцовых прыкмет і багата аздоблены незвычайны­мі гісторыямі, расказаны­мі жыхарамі вакольных вёсак.

Летась у сталічным выдавецтве выйшаў ці­ка­вы даведнік “Як называць цябе, родны мой куточак? Мікратапонімы Спондаўскага краю”. Не кожная мясціна Беларусі можа пахваліцца такім грунтоўным і глыбокім даследаваннем – слоўнік мясцовых геаграфічных назваў ўдала перасыпаны тут легендамі і апавяданнямі, з дакладнасцю запі­санымі ад мясцовых жыхароў. Менавіта таму выданне і не ўдалося знайсці на паліцах сельскай бібліятэкі – яно пастаянна на руках.

Нядаўна Іаланта зноў здзівіла землякоў, па­да­рыўшы ім унікальную маг­чымасць бліжэй па­зна­­ёміцца з жыццём і твор­часцю земляка Ка­зі­мі­ра Сваяка (Кан­стан­ці­на Мацвеевіча Ста­по­ві­ча) – выдала кнігу “Усе яго дарогі вялі да алтара”.

Нарадзіўшыся і ўсё жыццё пражыўшы ў Глушыцы (толькі год таму жанчына перасялілася ў Спонды), вясковая бі­бліятэкарка лічыць сваю малую радзіму самым блаславёным месцам на зямлі і робіць усё, каб у гэтым пераканаліся іншыя.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота Аляксандра Манцэвіча.