Футбольны клуб “Маладзечна” ў Мінску ў панядзелак прайграў трэніровачна-падрыхтоўчы матч да сезона камандзе першай лігі сталічнаму “Верасу” 1:10.
Адразу зробім агаворку: нашы гулялі моладзевым эксперыментальным саставам. Тым не менш, калі я сказаў лік матча сваёй калезе, яна доўга глядзела на мяне, потым спытала: “Як такое можа быць?!” Аказваецца, можа, бо панядзелак — працоўны дзень, і амаль усе футбалісты асноўнага саставу былі на рабоце.

Вынік гульні адразу пасля яе заканчэння па тэлефоне з Мінска паведаміў “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк.

“Няма пра што гаварыць. Атрымалі такую аплявуху, — кажа трэнер, — пасля першага тайма прайгравалі 0:7. Невядома, што здарылася з варатаром Сашчанкам. Ці то Косця стаміўся, ці то захварэў. У другім тайме замянілі яго на Антона Шчэрбу”.

Гулялі на спартыўна-аздараўленчым комплексе “Алімпійскі” на штучным газоне. У Мінск не паехаў ніхто з апошніх абаронцаў, таму нязвыклую для сябе пазіцыю вымушаны быў заняць левы паўабаронца Аляксандр Стэцкі.

Левы фланг паўабароны заняў мінчанін Віталь Чарноў, які летась гуляў за нас на гэтай пазіцыі. Віталь сам папрасіўся згуляць, але, па словах Віталя Казяка, форма Чарнова далёкая ад ідэальнай. Справа ў паўабароне быў Раман Шаўчэнка. У цэнтры — вопытныя Дзмітры Касцюк і пад нападаючымі — капітан Сяргей Дараховіч.

Наперадзе — форвард Уладзіслаў Касцюк, які спрабуе набраць форму пасля гадавога перапынку ў футболе, а таксама Ігар Талькоўскі 1993 года нараджэння.

У другім тайме на замену выходзіла таксама толькі моладзь — Шчэрба, Буруноў, Новікаў, Караханаў, Курэц. Адзіны наш гол прэстыжу у матчы забіў Яўген Буруноў.

Калі будзе друкавацца гэты нумар газеты, плануецца, што “Маладзечна” паедзе да “Смаргоні”, а ў суботу хочам наведаць Смалявічы. Паглядзім, што ў нас атрымаецца паўнавартасным саставам у гульнях з сапернікамі ўзроўню не чэмпіянату вобласці.

Сяргей ЗЯНЬКО.