У дварах на лавачках дзеці тоўпіліся да саменькага вечара. Слухалі музыку, скачвалі на тэлефоны новыя гульні, абменьваліся дыскамі. “Ты заўважыла, цяперашнія дзеці не гуляюць, – выказала меркаванне сяброўка. – Яны – тусуюцца”.

І сапраўды, за тыдзень не ўбачыла ні адной дзяўчынкі са скакалкай, лялькай альбо якой цацкай у руках. Стоўпіўшыся, яны сядзелі ў альтанцы альбо па чарзе з задумлівым такім выглядам каталіся на арэлях. Не шмат шуму было і ад хлопцаў, якія ляніва перакідалі мяч з рук у рукі.

Міжволі ўспомніла сваё дзяцінства. Без мабільнага тэлефона, камп’ютара, плэера, ролікаў, Барбі. Затое такое шумнае, вясёлае! У што мы гулялі? Як толькі сыдзе снег – у немчыка. Пазней – у хованкі, даганялкі, класікі, сапсаваны тэлефон. Ну і, канешне ж, лялькі. Такіх прыгожых, як цяпер, з цэлым наборам сукенак і ўбораў, у маім дзяцінстве не было. Лялек мы апраналі самі. Асабліва маленькіх. З рэшткаў тканіны выкройвалі і шылі сукенкі, кофты, штаны.

“Цяперашнія дзеці гэтым займацца не будуць, – кажа мне маці дзевяцігадовай дзяўчынкі, – у маёй вунь Насці нейкая гульня камп’ютарная ёсць. Уставіць дыск і цэлы вечар возіцца. То корміць сваіх Машу і Дашу, то ў школу адпраўляе. Каб магла, дык і начавала б за маніторам. Падыдзеш, скажаш, каб доўга не сядзела, вочы не псавала, дык яшчэ і істэрыку закоціць. Маўляў, не лезь, ты нічога не разумееш. Сябровак не мае, на вуліцу не ходзіць. А ўчора чую – з камп’ютарам размаўляе”.

Педагогі, псіхолагі і многія бацькі адзначаюць, што сучасныя дзеці мала гуляюць разам, не могуць прыдумаць сабе занятку і часам адчуваюць сябе няўпэўнена ў калектыве. “Канешне, з камп’ютарам лепш”, – кажа мама 13-гадовага Колі, які праводзіць за ім амаль што ўвесь свой вольны час. Яе непакоіць тое, што дзіця больш не ходзіць у спартыўную залу, не цікавіцца, як раней, тэнісам. Цэлымі днямі ён гуляе ў тэрарыстаў: узрывае заводы, бензакалонкі, бярэ ў заложнікі міліцыянераў, адлоўлівае і расстрэльвае ворагаў.

“Давай з’ездзім на выхадныя да бабулі, на рыбалку заадно сходзім”, – каб хоць неяк адарваць сына ад тэхнікі, прапаноўвае бацька. “Чаго я там не бачыў”, – адказвае той. “Выйдзі ты хоць на гадзінку на вуліцу, поўны двор дзяцей”, – просіць маці. Не адрываючыся ад манітора, дзе ўжо штабялямі ляжаць “забітыя”, дзіця бурчыць: “А што там рабіць?”

Сёння можна многае купіць і запаланіць ім свет дзяцінства да адказу. Адразу мы набываем мабільныя тэлефоны, камп’ютары, плэеры, каб адкупіцца ад дзяцей і адначасова падняць іх статус у тварах равеснікаў. Маўляў, не ный. Ёсць у Юркі, будзе і ў цябе. Ды не горшы. Пасля раптам разумеем, што вось гэтыя “цацкі” замяняюць ім усё на свеце, нават бацькоў. Пра што гаварыць з мамай. Яна ўсё адно нічога разумнага не скажа. А калі чаго не ведаеш, можна зазірнуць у Інтэрнэт.

Надзея толькі на адно: вырастуць нашы дзеці, нацешацца гульнямі, настраляюцца ды і захочуць якога вечара пагаварыць з бацькамі па душах. Крыўдна толькі, што тэмы гэтыя будуць дарослыя. Бо дзяцінства, калі можна было чытаць разам з мамай казкі альбо запускаць з татам змея, прайшло за камп’ютарам.

Марына СЛІЖ.