Дарослы арлан-белахвост.

 

На прагулку выйшаў асцярожны лось.

 

Выдра.

 

Арлан-белахвост.

Пужлівая казуля.

 

На беразе затокі.

 

 

Ласіная сямейка. Іх жыццё падобнае на пакуту. У любы момант могуць напасці ваўкі.

 

Груган.

 

Ваўкі ў заказніку адчуваюць сябе гаспадарамі і зусім не баяцца людзей.

 

Ласі ля кармушкі.

 

 

 

Арлан-белахвост ля здабычы.


Арлан і беркут.


 

Зубры мераюцца сілай.

Дзікі. У многіх абгрызеныя вушы. Гэта работа ваўкоў.


Цяпер па апусцелых вуліцах населеных пунктаў сярод белага дня свабодна ходзяць ваўкі і барсукі. Глядзець на ўсё гэта чалавеку – балюча.

У зону адсялення я трапіў больш чым праз 20 гадоў пасля гэтай катастрофы. Здымкі праводзілі ў радыяцыйна-экалагічным заказніку, дзе вельмі жорсткі рэжым аховы і наведвання. У першую чаргу мяне цікавіў жывёльны свет. Хацелася ўбачыць, як ён захаваўся, жыве, адчувае сябе ў зоне павышанай радыяцыі. Ну і, канешне ж, паглядзець, якія адносіны склаліся паміж насельнікамі лесу ў новых умовах.

Пазбаўленыя ўздзеяння антрапагеннага фактару, жывёлы моцна змянілі свой сутачны графік. Раней яны баяліся людзей і арудавалі пераважна ноччу. Цяпер час актыўнага жыцця больш змясціўся на дзень, і застаць любога звера на кармленні можна ў любы час сутак. Не раз нам даводзілася бачыць дзікоў і ласёў, што выйшлі падсілкавацца дзесьці ў палудзень. Ваўка, які паляваў у дзве гадзіны дня. Воўчую зграю ў дзевяць раніцы. Гуляючага ў абед барсука ці секача, што карміўся ў прыпяцкай затоцы яшчэ на досвітку. І так было штодзень.

Паляўніцтвазнаўца, які суправаджаў нас у час гэтай паездкі, расказаў, што адчуваць сябе свабодна жывёлы пачалі дзесьці праз год пасля адсялення. Адразу яны сталі абжываць кінутыя вёскі, размнажацца ў іх, а пасля і жыць. У кінутых хлявах, паветках, спецыялісты іх службы не раз знаходзілі трупы дзікоў. А на гарышчах сустракалі то філіна, то рыся.

Праязджаючы па адной з вёсак, мы сустрэлі барсука, што выйшаў на дарогу. Як толькі спыніліся і выйшлі з машыны, барсук развярнуўся і ўцёк у куст бэзу, які рос ля самага дома. Падышоўшы да яго бліжэй, убачылі свежую нару пад фундаментам, куды і юркнуў звер. Значыць, там ён цяпер жыве.

У час палявання на ваўкоў, а было гэта ў 2006 годзе, я і сам не раз бачыў, як шэрыя разбойнікі хаваліся ў пустых дамах. Заскоквалі яны туды праз пабітыя вокны і не выходзілі, пакуль верталёт вісеў над домам. Бывала, каб выгнаць іх адтуль, паляўнічыя стралялі па даху. Драпежнікаў гэта не пужала. І нават калі лятаючая стальная птушка садзілася непадалёку на зямлю, ваўкі паспявалі ўцячы. Выскоквалі з вокнаў з другога боку дома і непрыкметна хаваліся ў бліжэйшых кустах ці лесе.

Нядаўна было прынятае рашэнне аб забароне палявання на тэрыторыі радыяцыйна-экалагічнага заказніка, акрамя навуковага адстрэлу. Па зімовым уліку 2007 года на плошчы заказніка ў 216 000 гектараў пражывала каля трох соцень ваўкоў. Гэты разумны звер адразу адчуў зніжэнне прэсінгу чалавека на забруджанай тэрыторыі і цяпер адчувае сябе поўным гаспадаром.

Неяк наведалі гадавальнік, дзе жывуць зубры. Прама ў абедзенны час там з’явіліся два ваўкі. Адразу падышлі да кармушкі для зуброў, пасля схадзілі на вадаём, папілі вады з прабітай лункі. Патапталіся, наблізіліся прыкладна на 40 метраў да вагончыка, дзе былі людзі, і спакойна, паказаўшы сваім візітам, хто ў доме гаспадар, пашлі далей.

Зразумела, што пры такой высокай колькасці ваўкоў маладняк у многіх капытных да вясны практычна не дажывае. Некалькі разоў мы бачылі чараду дзікоў, у якой сяголеткаў амаль не назіралася. А тыя, што засталіся, былі нейкія нядбайныя, худыя. Некаторыя дарослыя дзікі хадзілі з адарванымі вушамі. Гэта была нішто іншае, як плата ў барацьбе за жыццё.

Мясцовыя паляўніцтвазнаўцы заўважылі, што пасля таго як людзі пакінулі вёскі, пакінулі іх і белыя буслы. Гэта птушка не любіць жыць без чалавека, якому прыносіць радасць – дзяцей. І тым не менш, нават праз шмат гадоў пасля чарнобыльскай трагедыі сустракаюцца астанкі кінутых, парослых травой старых гнёздаў, якія так ніхто і не заняў.

А вось асцярожнасці ў большасці дзікіх жывёл, здаецца, не паменшылася. Што і не дзіўна. Дзень і ноч яны ходзяць пад пільнай увагай сваіх галоўных ворагаў і “пастухоў” – ваўкоў, якія гатовыя ў любую хвіліну напасці. У адзінаццаць гадзін дня калегі тэлефануюць паляўніцтвазнаўцу, які суправаджае нас па заказніку, і расказваюць, што прама на вачах работнікаў ўязнога паста “Бабчын” два ваўкі ў 50-і метрах ад кантрольна-прапускнога пункта напалі і душаць дзікага кабана. Прысутнасць людзей іх не пужала і не насцярожвала. Яны не пайшлі, пакуль не насыціліся, з’еўшы за паўгадзіны трэць двухгадовага кабана.

Праз некалькі дзён былі сведкамі таго, як у восем гадзін раніцы зграя з шасці ваўкоў гналася за ласём. І зноў у нейкай сотні метраў ад паста. Які лёс напаткаў жывёліну, можна толькі здагадвацца, бо гэту ж “кампанію” мы бачылі праз паўтары гадзіны седзячы ў скрадку. Ваўкі ішлі ў балота на лёжку. Ва ўсіх былі поўныя, адвіслыя жываты. Мінаючы прынаду, яны не толькі на яе не зайшлі, нават не зірнулі ў той бок.

Так нахабна вядуць сябе гэтыя жывёлы толькі ў тых месцах, дзе іх ніхто не праследуе. Павышаная шчыльнасць ваўкоў на адзінку плошчы, канешне, адбіваецца на іх адносінах, але не настолькі, каб справа даходзіла да звычайнага братазабойства. Тым больш, што ежы ў заказніку хапае на ўсіх. Усе дарогі і сцежкі вытаптаныя тут слядамі воўчых зграяў. Адбываецца элементарнае абазначэнне і метка межаў сваіх тэрыторый, іх патруляванне, куды чужакі асабліва не сунуцца.

Такая вось цяпер сітуацыя ў заказніку з ваўкамі, колькасць іх перавысіла ўсе магчымыя і немагчымыя межы. Калі, напрыклад, адбудзецца ўспышка шаленства гэтай папуляцыі, хварэць якой шэрыя могуць гэтак жа, як лісы, то сітуацыя можа стаць вельмі небяспечнай і некіруемай з-за пастаяннай міграцыі жывёл у прылеглыя раёны.

Расказваючы пра жывёл і птушак Палескага радыяцыйнага экалагічнага заказніка, нельга не ўспомніць пра арлана-белахвоста. Гэта вялікая птушка з размахам крылаў у два з паловай метры і вагой да пяці кілаграмаў знойдзеная на гнездаванні ў пяці месцах. Паляўніцтвазнаўцы адзначаюць, што застаецца яна тут і зімаваць. У гэты час арлана можна сустрэць менавіта на рэштках ежы воўчых зграяў, дзе яны разам з беркутамі, варонамі, сарокамі, канюкамі даядаюць рэшкі загінуўшых дзікіх жывёл. У асобных месцах мы сустракалі да дзесяткі і больш арланаў-белахвостаў, якія вядуць сябе дастаткова асцярожна і нават пры невялікай небяспецы да прынады не падлятаюць, чаго не скажаш пра іншых птушак.

Крумкачоў на тушы дзіка мы налічвалі адначасова да паўсотні. Паміж сабой буйныя драпежнікі вялі сябе не па-джэнтльменску. Усюды прысутнічаў закон сілы. Арланы праганялі ад больш ласых кавалкаў беркутаў, тыя ў сваю чаргу трымалі на адлегласці крумкачоў. А вось сарокі прама з роту выхоплівалі кавалкі ў іх абодвух. Некаторыя, асабліва нахабныя, спрабавалі нават цягаць за хвасты самога беркута, а другія ў гэты час хапалі ў яго з-пад носу самае смачнае.

Гледзячы на ўсё гэта, прыйшоў да думкі, што зіма ўсё ж накладвае свой адбітак на насельнікаў заказніка. Яны робяцца нейкія больш цярпімыя адно да аднаго, ці што. У другі час беркут у адзін момант схапіў бы тую ж варону, сароку, ды страсянуў так, што з яе пер’е пасыпалася. А тут, бач, не чапае, толькі адмахваецца.

Пабыць у заказніку давялося толькі некалькі разоў. Прызнацца, заўсёды пакідаў яго з нейкім асаблівым пачуццём. Хацелася вярнуцца сюды, паназіраць за жывёламі, іх звычкамі, адносінамі адно да аднаго. У прыродзе яшчэ ж столькі нязведанага.

Віктар КАЗЛОЎСКІ.


Даведка “РГ”. Палескі радыяцыйна-экалагічны заказнік размешчаны на поўдні Гомельскай вобласці. Адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны заказнік. Плошча 215, 5 тысячы га (2006). Заснаваны ў 1988 годзе пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на найбольш забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Мэта стварэння: захаванне генафонду і відавой разнастайнасці флоры і фауны, вядзенне радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, радыебіялагічных даследаванняў і інш. Тэрыторыя заказніка адносіцца да вадазбору рэчкі Прыпяць. Пераважаюць сасновыя лясы (каля 50%), а таксама дробна лісцевыя і інш. У флоры каля 1120 відаў сасудзістых раслін, у фауне больш за 40 відаў млекакормячых, 70 – птушак, 25 – рыб. Многія віды раслін і жывёл у Чырвонай кнізе Беларусі. Папулярны аб’ект экстрэмальнага турызму.

 

Больш здымкаў глядзіце у аўтарскім праекце В. Казлоўскага

ДЗІКАЯ ПРЫРОДА

Гэтага ж аўтара:

За белымі чаплямі

Каб зрабіць фота, трэба зліцца са снегам

Прыгажосць праз аб’ектыў

Ля прынады ў запаведніку

Пра Віктара Казлоўска:

Выстрал, што нараджае прыгажосць