“Мы і летась пачыналі чэмпіянат матчам з Клецкам, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер нашай каманды Віталь Казяк. – Прайгралі. А ў выніку закончылі турнір на трэцім месцы. І сёлета пастараемся даказаць, што наш бронзавы вынік не быў выпадковым”.

Даказваць сёлета будзе цяжэй. У нядзелю ў другой лізе возьмуць старт 18 камандаў. У мінулым сезоне іх было 14. Гэта значыць, што прыкладна за такі ж тэрмін – ад канца красавіка да пачатку лістапада – пройдзе не 26 тураў, а 34. У некаторыя тыдні сезона каманды згуляюць па тры матчы за сем дзён.

Нагрузка на нашых хлопцаў, якія маюць аматарскі статут і занятыя на сваіх асноўных работах, безумоўна, узрасце. У заявачным спісе “Маладзечна” 30 футбалістаў.

“Здавалася б, гэта і многа, – кажа Віталь Казяк, – але мы заявілі шмат моладзі. У асноўным, на перспектыву. Каб хлопцы змаглі адчуць сябе ў калектыве, папрацаваць побач з вопытнымі партнёрамі. Мы будзем даваць ім шанс у гульнях, і тут ужо ўсё залежыць толькі ад іх саміх”.

Трэнер падкрэслівае: асноўная нагрузка, канешне, ляжа на тых, хто выступаў у мінулых двух чэмпіянатах. А сёлета ім будзе складаней яшчэ і таму, што ў міжсезонні ад нас пайшлі Космач, Корсак, Курловіч. Трэнеры спадзяюцца: іх заменяць футбалісты, якія летась выходзілі на замену – Раман Вінцукоўскі, Антон Капцюг.

Няма пакуль у нас істотных праблем з фінансаваннем з раённага бюджэту. Камандзе аплачвалі зборы, транспартам клуб таксама забяспечаны. Былі пэўныя затрымкі па выплатах, але начальнік аддзела спорту Мікалай Шрымф свае фінансавыя абяцанні выконвае.

Праблема ў іншым. Сёлета можа не заявіцца на чэмпіянат Мінскай вобласці каманда ДЮСШ-Маладзечна. На гэта ў бюджэце раёна сродкаў няма. Спаборніцтвы пачнуцца 1 мая, і за 10 дзён да гэтага тэрміну Віталь Казяк даваў 90 працэнтаў супраць 10, што каманду спартшколы мы на іх не ўбачым.

Для нас гэта значыць: маладыя хлопцы не будуць мець магчымасці атрымліваць гульнявую практыку. Але пытанне па дублі “Маладзечна” на момант напісання гэтага матэрыялу заставалася адкрытым. Калі ўсё ж ДЮСШ не заявіцца на чэмпіянат вобласці, трэнеры не адмовяць кіраўнікам вілейскай ці валожынскай каманды на просьбу, каб маладыя маладзечанцы пагулялі за іх.

Цяпер пра стадыён. З ім такіх праблем, як летась, сёлета быць не павінна. Толькі, магчыма, у верасні моладзевая зборная краіны Георга Кандрацьева правядзе ў Маладзечне свае гульні з Шатландыяй і Азербайджанам. У гэтым жа месяцы – дзве дамашнія гульні ў графіку ФК “Маладзечна”. Калі зборная будзе гуляць у нашым горадзе, маладзечанцы прымуць сапернікаў у Чысці.

Вырашаецца таксама пытанне са стадыёнам для трэніровак. Пакуль трэніруемся ў Беразінскім, але да ладу даводзяць поле ў вайсковай часці, і ўжо ў маі можам трэніравацца там. Не прыйдзецца траціць гадзіну на дарогу ў Беразінскае і назад.

Вось такія навіны напярэдадні сезона.

Сёлета па выніках чэмпіянату ў першую лігу выходзяць дзве каманды.

“Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы нікога не баімся. Няхай баяцца нас. І няма тут чаго разважаць – што маем, тое маем. Трэба проста выходзіць на поле і гуляць”, – падагуліў Віталь Казяк.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Чытайце таксама:

Склад “Маладзечна” вызначаны

Наш футбольны каляндар