Былых жыхароў Хойніцкага, Нараўлянскага раёнаў, іншых перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны сабрала сумная гадавіна ля помніка ў Лешне.
І з кожным годам іх з’язджаецца сюды, да памятных крыжа і мемарыяльнага знака па Чарнобылі, усё больш.
У панядзелак тут сустрэліся сённяшнія жыхары Маладзечна, Лебедзева, Чысці, Астраўца, іншых паселішчаў нашага краю.
Былы намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама, а цяпер маладзечанец Анатоль Гапоненка, успомніў тыя цяжкія дні, калі свет упершыню сустрэўся з бядой, якую прынёс на нашу зямлю здавалася б мірны атам.
На мітынгу ля мемарыяла аб сваіх успамінах расказала перасяленка з Нароўлі старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага саюза жынчын Ганна Найдзюк.
Ужо другі раз у Лешну прыехала журналістка і пісьменніца з Астраўца Ніна Рыбік (у цэнтры), каб сустрэць тут хайнічан і нараўлянцаў – сваіх землякоў, якія некалі раздзялілі адну бяду. Злева – Алена Ляшчова, справа – ліквідатар Міхаіл Міхалевіч.
Адзін з ініцыятараў стварэння мемарыяла ў Лешне Анатоль Керус з удзячнасцю расказваў як у свой час наша зямля прытуліла чарнобыльскіх выгнаннікаў. І з горыччу – пра тое, што фермер, які трымае гаспадарку па суседству, не можа знайсці іншага месца, каб пасвіць кароў, выганяючы іх пад мемарыяльныя крыж і чарнобыльскі знак.
Пра памяць гаварыў і святар благачынны айцец Аляксандр.
Дзеці і настаўнікі з Лебедзеўскай сярэдняй школы наладзілі для прысутных канцэрт.
Анатоль Гапоненка і ліквідатар Міхаіл Міхалевіч успамінаюць далёкі 1986-ы.
Рыба, канечне, не такая, як у Прыпяці. Але юшка нагадае пра радзіму.
Іншыя фота з Лешны.
Мікола ГАЙДУК, фота Аляксандра Манцэвіча.
P.S. Некалькі ўдзельнікаў сустрэчы ў Лешне гаварылі пра тое, што гэта святое месца можа стаць пастаянным месцам сустрэчы землякоў-перасяленцаў з усяго нашага рэгіёну. Кантакты з арганізатарамі штогодняга мерапрыемства можна знайсці ў рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты”.