“Рэгіянальнай газеце” споўнілася 15 год.

Слова да чытача ў першым нумары “РГ”:

Сталеем. Ад гэтага становіцца радасна і сумна.

Радасна, таму што мы, калектыў выдання і чытацкае племя, даказалі наша права на існаванне. Сумна, што ўжо не вярнуць тых азартна-завадных першых гадоў, калі амаль усё рабілася на энтузіязме.

Спачатку было слова

Наўрад ці праўда, што кожная работа можа прыносіць задавальненне. І людзі ў некаторыя прафесіі ідуць дзеля таго, каб жыць, проста зарабляць грошы. Большасці ж маіх калег-газетчыкаў пашчасціла – цікавы занятак стаў прафесіяй.

Мы не пачыналі газету з адзінай пішучай машынкі. Ужо былі часы, калі зразумелымі былі словы камп’ютар і прынтар. Але ўсё адно такімі сіламі, як у красавіку 1995 года, сёння пачаць газету немагчыма. Адзін стол у закутку фірмы-сузаснавальніка і камп’ютар, які рэдактар купіў за ўласныя грошы. Ды пяток чалавек, якія ахвяравалі сваімі ранейшымі, неблагімі па тым часе, заробкамі і пайшлі рабіць газету. Рабіць газету з верай, што нумароў праз дзесяць яна прынясе першы прыбытак і можна будзе атрымаць першую зарплату.

Праз дзесяць нумароў гэта і настала.

Да моманту стварэння “Рэгіяналкі” ў рэгіёны выходзілі па некалькі дзесяцігоддзяў раённыя газеты, з’яўляліся ў Маладзечне гарадскія, былі абласныя і рэспубліканскія, але не было выдання, якое б інфармацыйна аб’яднала наш рэгіён – беларускае Павілле і Валожыншчыну.

Хіба смаргонцу не цікава, што робіцца ў Маладзечне, а віляйчаніна не зацікавяць клопаты астраўчан? На гэтым і палягала ідэя газеты. І назву ёй яна падказала.

Напісанае застаецца

Сёння “Рэгіянальная газета” – вядомая ў нашым краі і за яго межамі выданне. Мы сталіся адным з чыннікаў культурнага жыцця нашага рэгіёна. Праз старонкі тыднёвіка краязнаўцы, гісторыкі, работнікі культуры, гаспадарнікі знаходзілі і знаходзяць аднадумцаў. З дапамогай “РГ” вернутыя грамадству імёны Ігната Ходзькі, Піліпа Орліка, Эдварда Жалігоўскага, намі падтрыманая і надалей інфармацыйна падтрымліваецца праект міжнародных экспедыцый па Вяллі слядамі графа Тышкевіча.

Фактам гісторыі сталася само наша выданне. Сёння няма з намі добрага пісьменніка Міколы Капыловіча, трагічны выпадак спыніў сэрца дапытлівага турыста і краязнаўцы Віталя Кастэнкі, не дапісаў гісторыю краю Анатоль Рогач. Але тое, што зроблена гэтымі людзьмі на старонках “Рэгіянальнай газеты”, засталося нашчадкам.

Вялікі ўклад ў развіццё тыднёвіка ўнеслі многія нашы калегі, якія некалі працавалі ў рэдакцыі, а сёння – у іншых месцах.

Нашу газету можна адрозніць ад іншых па адметных рысах. Адной з іх на працягу доўгага часу ёсць пастаянная старонка “Сектар спорту”, якая стала папулярнай не толькі дзякуючы старанням штатных работнікаў, але і нашага даўняга сябра, знаўцы мясцовага футбола Сяргея Гайковіча. Работнікі праваахоўных органаў, пракуратуры выступаюць пастаяннымі аўтарамі старонкі “Вакол здарэння”…

“Рэгіяналку” ствараюць не толькі штатныя работнікі. Мы ўдзячныя нашым пазаштатнікам Уладзіміру Русецкаму з Краснага, Пятрусю Бубку і Мечыславу Станкевічу з Маладзечна, Галіне Буркевіч з Ільі, Міхасю Чарняўскаму з Купы, смаргонцу Уладзіміру Прыхачу, мінчаніну Альбіну Макарэвічу, жыхарам Вілейшчыны Анатолю Капцюгу, Наталлі Валынец, Віктару Казлоўскаму, Міхасю Міхалевічу і дзесяткам іншых нашых добраахвотных аўтараў.

Дзесяткі юных здольных хлопчыкаў і дзяўчат прайшлі школу маладога журналіста пры рэдакцыі “РГ”. Многія з іх абралі прафесію журналіста справай свайго жыцця.

Газета – не толькі вынік творчага працэсу. Яе трэба надрукаваць, даставіць да чытача. Усе 15 гадоў мы друкуемся ў маладзечанскай друкарні “Перамога”. Дастаўляюць выданне да вас работнікі “Белсаюздруку”, пошта, прыватныя распаўсюджвальнікі. І мы робім са сваімі партнёрамі адну справу. Як вынік – кожную пятніцу “Рэгіянальная газета” з’яўляецца ў вашых руках.

Не спыняемся

За 15 гадоў існавання газета вырасла не толькі па аб’ёме, па колькасці аўтараў. Яна набыла новыя якасці.

Менш за год таму мы абнавілі свой інтэрнэт-сайт. Газета стала інтэрактыўнай. Чытач можа наўпрост задаваць пытанні не толькі аўтару, але і аўдыторыі, каментаваць публікацыі, выказваць свае меркаванні.

Дзякуючы Інтэрнэту мы пашырылі ўзроставы дыяпазон чытацкай аўдыторыі – нас сталі больш чытаць маладыя. А таксама геаграфію. З верасня 2009 года зафіксаваныя чытачы ў 57 краінах свету. Больш за ўсё наведванняў нашага рэсурсу па адрасе rh.by з Беларусі, Расіі, Польшчы, ЗША, Германіі, Літвы, Украіны (у парадку ўбывання).

Нядаўна пачаў працаваць інтэрнэт-форум “РГ”.

Наперадзе – увасабленне ў жыццё шмат іншых ідэй.

Мы заўсёды заставаліся вернымі праўдзе, былі і ёсць адкрытымі для людзей з рознымі поглядамі і перакананнямі. Мы стараемся зразумець клопат кожнага жыхара нашага рэгіёна, а калі атрымліваецца, то і дапамагчы ў вырашэнні праблем, што паўстаюць перад імі. І па-ранейшаму “РГ” – крыніца інфармацыі аб жыцці нашага краю ад Крывічоў да Ашмянаў, ад Мядзела да Ракава. Чытайце “РГ”, пішыце, тэлефануйце нам, дасылайце фота і СМС. Мы, газетчыкі, робім “Рэгіяналку” разам са сваімі чытачамі.

З павагай

Аляксандр МАНЦЭВІЧ, галоўны рэдактар “РГ”.