Лаўрэатам творчага конкурсу “Вольнае слова–2009” стала журналістка “Рэгіянальнай газеты”. Дыпломы пераможцам і прызёрам уручылі 3 мая ў Мінску.

Карэспандэнт “Рэгіянальнай газеты” Святлана Цішко заняла другое месца ў намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя”.

Конкурс “Вольнае слова” сярод беларускіх журналістаў грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” праводзіць з 2007 года. Журы, якое ўзначальваў журналіст Юрась Карманаў, вызначыла па тры лепшыя тэксты ў намінацыях “Найлепшы інфармацыйны матэрыял”, “Найлепшая аналітычная публікацыя” і “Найлепшая публікацыя мастацка-публіцыстычнага жанру”, а таксама пераможцаў у намінацыях “Дэбют” і “Журналісцкае расследаванне”.

Другое месца ў намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя” Святлана Цішко атрымала за публікацыю “Няўжо ў нябыт?”, надрукаваную ў №37 за 2009 года. Яна прысвечаная тэме паступовага знікнення беларускамоўных класаў у школах гарадоў і мястэчак нашага рэгіёна. “Ніводнага беларускамоўнага першага класа не набралі сёлета гарадскія школы і гімназіі Вілейкі, Маладзечна, Мядзела, Валожына, Смаргоні і Астраўца. Больш за тое, першых класаў з беларускай мовай навучання няма і ў сярэдніх школах мястэчак: ні ў Крывічах Мядзельскага раёна, ні ў Івянцы Валожынскага, ні ў Красным Маладзечанскага”, – такімі словамі пачынаецца публікацыя.

Як перавагу журы адзначыла той факт, што “Няўжо ў нябыт?” размешчаны на тэматычнай старонцы “Мова”, усе публікацыі на якой так ці інакш закранаюць моўнае пытанне.

У “РГ” Святлана Цішко прыйшла сем гадоў таму пасля заканчэння факультэта беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Піша на тэмы культуры, спорту, адукацыі, цікавіцца праблемамі мовы. Таму матэрыял, за які атрымала дыплом, нарадзіўся невыпадкова. Знікненне беларускамоўных класаў турбавала яе не толькі як журналіста, але і як чалавека, які любіць сваю мову, на ёй размаўляе.

“Падчас працы я старалася захаваць аб’ектыўнасць і бесстароннасць. Але гэта праблема не толькі беларускага грамадства і дзяржавы – і мая асабістая таксама. Я не знайшла беларускамоўную групу дзіцячага сада для сваёй дачкі. Сабраць яшчэ 11 бацькоў, ахвотных даць сваім дзецям адукацыю на беларускай мове, не змагла. Як высветлілася, першых класаў з роднай мовай навучання таксама ўжо няма. Ці я спазнілася з нараджэннем дзіцяці, ці погляды ў грамадстве, у іншых бацькоў вельмі хутка змяніліся – не ведаю”, – разважае Святлана Цішко.

Журналіст са Смаргоні Святлана Станкевіч, якая супрацоўнічае з “РГ”, атрымала першае месца ў намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял” за тэкст пад загалоўкам “Чем Грозный похож на Минск”, апублікаваны на сайце gazetaby.com.

Марына СЛІЖ.

Фота baj.by і Святланы Цішко.