Конкурс “Супердзядуля–2010”, прымеркаваны да 65-годдзя Перамогі, прайшоў першага мая ў Сасновым Бары.

Міхаіл Саковіч з унукамі Янай і Антонам, Франц Кавалеўскі з унучкай Насцяй, Анатоль Шастаковіч з унукам Вадзімам.

– Дзядулі, якія прымалі ў ім удзел, – расказвае педагог-арганізатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” Галіна Іванькіна, – нарадзіліся ўжо пасля вайны. Але хтосьці ў іх сям’і абавязкова ваяваў: бацька, дзядзька, старэйшы брат, дзед. Таму сямейнае свята мы пачалі з дзвюх песень: “Дзень Перамогі” і “Агеньчык”, якую прысвяцілі прадзедам.

У конкурсе, які прай­шоў у філіяле “Сонечны”, прымалі ўдзел дзядулі разам з унукамі. Франца Кавалеўскага суправаджала ўнучка Насця, Анатоля Шастаковіча ўнук Вадзім, а з Мі­ха­ілам Саковічам прый­шлі адразу двое ўнукаў – Яна і Антон.

Да конкурсу яны рыхтаваліся загадзя. Кожны ўдзельнік прынёс з сабой экспанат для выставы, а таксама дамашняе заданне ў выглядзе канцэртнага нумара. Умелыя рукі Франца Кавалеўскага здзівілі прысутных выразанай з дрэва фігуркай бусла, Анатоль Шастаковіч зрабіў кармушку для птушак, а Міхаіл Саковіч – бярозавы венік.

Якія толькі выпра­баванні не чакалі “Су­пердзядуляў”! “Ра­зам са сваімі ўнукамі яны адгадвалі загадкі, – расказвае Галіна Іванькіна, – рабілі з газеты самалёты, шапкі, караблікі. Быў у нас і конкурс на едака, падчас якога ўнукі з дзядулямі з хуткасцю маланкі елі апельсіны”.

А яшчэ яны малявалі ката, спявалі. У час конкурсу “Зорны час” Франц Кавалеўскі з унучкай Насцяй выканалі песню “Маленькая краіна”, Анатоль Шастаковіч прыйшоў на конкурс з гармонікам і спяваў дуэтам з жонкай, што прыйшла яго падтрымаць. А напрыканцы разам з Міхаілам Саковічам яны выканалі песню “Кацюша”.

– За сваю работу я такога яшчэ не бачыла, – гаворыць Галіна Іванькіна, – у многіх людзей, калі спявалі мужчыны, блішчэлі на вачах слёзы. Гэта песня пад гармонік нас быццам бы ўсіх аб’яднала – і дарослых, і дзяцей. Настроіла на думку, што сям’я ў жыцці чалавека – галоўнае. Што менавіта яна выхоўвае дзяцей. І жыць у будучым яны будуць так, як жылі іх мамы, таты і бабулі.

Журы падвяло вынікі. Высветлілася, што ўсе ўдзельнікі конкурсу набралі роўную колькасць балаў. На ўсіх дзялілі яны і апладысменты, а таксама падарункі ад спонсараў.

Людзям свята спадабалася. Многія казалі, што было яно не толькі вясёлае, але яшчэ і пявучае.

Марына СЛІЖ.

Фота забяспечана цэнтрам пазашкольнай работы.