Напярэдадні вайны Іван Вашкевіч закончыў курсы старшых піянерскіх важатых у Слоніме і ўладкаваўся на працу ў Даўбенеўскую сярэднюю школу. Быў рады сам. Радавалася, напэўна, і маці. У сям’і з’явіўся яшчэ адзін кармілец.

Іван Вашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Дубіна Валожынскага раёна, а жыў і працаваў у мястэчку Беразінскае Маладзечанскага. 18-гадовым юнаком ён быў вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Прайшоў фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры Маўтхаўзен і Эбензэе.

Даведка “РГ”

Маўтхаўзен – нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер. Створаны ў ліпені 1938 года ў чатырох кіламетрах ад горада Маўтхаўзен (Аўстрыя). Ад сакавіка 1939 – самастойны лагер. У 1938 – 1945 гадах у заключэнні знаходзілася 335 тысяч чалавек. Па запісах, што захаваліся, у лагеры былі па-зверску знішчаныя 122 тысячы чалавек. Больш за ўсіх – звыш 32 тысяч – савецкіх  грамадзян, сярод якіх генерал Карбышаў.

У час вайны быў адным з самых страшных канцлагераў. Рэжым утрымання палонных быў жахлівы. Нават яго персанал, а гэта паўтары сотні ахоўнікаў, зондэркаманда ( у лагеры так называўся персанал крэматорыя) жартавалі, што з Маўтхаўзена можна ўцячы толькі праз трубу крэматорыя. Пазней, у сярэдзіне 1943 года, на тэрыторыі лагера быў пабудаваны яшчэ адзін барак, абнесе­ны каменнай сцяной. Ён называўся “Блокам смер­ці”. Туды накіроўвалі за розныя правіннасці зняво­леных.

“Блок смерці” вы­ка­рыстоўваўся як трэні­ро­вачны лагер для пад­рых­тоўкі элітных атрадаў СС. Зняволеныя выконвалі ролю “мяса”. Іх збівалі, над імі здзекаваліся. Яшчэ пазней такая практыка была ўведзеная на ўсёй тэ­ры­то­рыі лагера. У любы час сутак у барак мог уварвацца атрад “вучняў” і збіць  зняволеных. Кожны дзень тут гінула больш за 10 чалавек. Калі норма не выконвалася, на наступны дзень забівалі больш.
Пасля вайны на месцы канцлагера створаны музей.

Сіратой хлопец застаўся ў шэсць гадоў. Малодшаму брату, калі не стала бацькі, было толькі тры. Цяжка было маці, а жылі яны тады ў Дубіне Валожынскага раёна, ставіць хлопцаў на ногі. І Іван як старэйшы стараўся ва ўсім ёй дапамагаць.

Бяда ў дзверы ўсіх савецкіх людзей пастукалася ў адзін дзень: 22 чэрвеня 1941 года. Не паспелі дубінцы аправіцца ад шоку, як па вуліцах вёскі ўжо ездзілі на матацыклах немцы. Іван, як і многія яго равеснікі, гатовы быў узяць зброю. Ды на акупаванай немцамі тэрыторыі зрабіць гэта было практычна немагчыма.

У чэрвені 1942 ён трапіў у спісы моладзі, якую рыхтавалі да адпраўкі на прымусовыя работы. Супраціўляцца альбо хавацца не было магчымасці. У абодвух выпадках сям’ю чакаў расстрэл. Але і працаваць на фашыстаў 18-гадовы юнак не збіраўся. У Красным, выкарыстаўшы момант, ён уцёк.

Некалькі дзён бадзяўся. А пасля вырашыў ісці ў вёску Ласокіна, дзе жыла бабуля Хвядора. Начаваў, як пасля сам расказваў, на гары, куды тая насіла ежу. Канешне ж, баялася. Ці мала хто мог падказаць немцам, што жанчына па некалькі разоў на дзень ходзіць кудысьці з клункам у руках. Параіўшыся, вырашылі, што Івану трэба вяртацца ў вёску. Дасць Бог – пранясе, не звязуць у Германію. А даведаюцца, што бабуля хавае ўнука, – не пашкадуюць нікога.

Не пранесла. Немцы схапілі і разам з моладдзю вывезлі Івана ў Аўстрыю. Працаваў там на лесараспрацоўках. Але з пратэстам, які ўвесь час быў дзесьці ў сэрцы, так і не справіўся. У красавіку 1944 года збег з пасёлка. Яго высачылі, схапілі і на два тыдні адправілі ў гестапа. Больш за 60 сутак правёў у штрафным лагеры ў Клейнмюнхене і быў вернуты на папярэдняе месца работы. А ў лістападзе зноў цярпеў пабоі ў гестапа. За падрыхтоўку, на гэты раз ужо групы, да пабегу. Пасля допыту і некалькіх дзён знаходжання ў турме яго адправілі ў канцэнтрацыйны лагер Маўтхаўзен. Можна толькі здагадвацца, якое там было жыццё ў юнака. Колькі давялося выцерпець, перанесці.

У сакавіку 1945 года групу з 200 зняволеных кінулі на разборку чыгуначнай станцыі Вайдхофен. Быў сярод іх і беларус Іван Вашкевіч. Работа была цяжкая, часам непасільная. Пасля таго, як яе выканалі, усіх перавезлі ў іншы лагер, Эбензэе, адкуль 7 мая 1945 года іх вызвалілі амерыканскія войскі. Да чэрвеня Іван знаходзіўся ў лазарэце, а пасля быў перавезены на тэрыторыю, занятую нашымі войскамі.

Гісторыю гэту пачула не ад самога Івана Мікалаевіча. Ужо 16 гадоў, як гэтага чалавека няма ў жывых. Але застаўся невялічкі сямейны архіў, у якім ён захоўваў біяграфічную даведку і дакументы, атрыманыя з таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, якія пацвярджаюць тое, што ўраджэнец вёскі Дубіна Іван Вашкевіч быў вывезены на прымусовыя работы.

Напярэдадні Дня Перамогі родныя гэтага чалавека прынеслі дакументы ў рэдакцыю. А яшчэ – ваенны білет і камсамольскі, выдадзены ў маі 1946 года палітаддзелам 43-й Асобнай трафейнай брыгады, дзе ён служыў паштальёнам. Сын Івана Мікалаевіча расказвае, што пасля праверкі бацьку забралі на службу ў армію. Захавалася дома даведка, выдадзеная 10 студзеня 1946 года, у якой значыцца, што Івану Вашкевічу даверана атрымліваць з палявой пошты 14996 паштовыя адпраўленні: пісьмы, грашовыя пераводы, пасылкі. Карацей, усё, што прыходзіла ваеннаслужачым часці, у якой служыў.

Пасля арміі ён прыехаў у Маладзечна, дзе адразу працаваў на фабрыцы музычных інструментаў, пасля – на станказаводзе. Праз нейкі час мужчыну прапанавалі працу ў Беразінскім, дзе плюс яшчэ да ўсяго давалі кватэру. Там і працаваў, гадаваў дзяцей, заслугоўваў аўтарытэт сярод калег і жыхароў мястэчка.

Канешне ж, калі б быў Іван Мікалаевіч жывы, ён куды б больш расказаў пра гады, праведзеныя ў Нямеччыне. І пра допыты ў гестапа, і пра здзекі, і пра холад, і пра непасільную працу, і пра баланду, якую немагчыма было есці, і пра лагерны нумар 114499, які памятаў усё жыццё. Хаця, хто яго ведае. Можа, і не ўспамінаў ён пра самыя цяжкія моманты жыцця. Бо сапраўдныя мужчыны – не плачуць!

Марына Сліж.