Два галы Дзмітрыя Вышынскага на 7 і 12 хвілінах зрабілі, здавалася, гульню ў суботу, 8 мая, у Дзяржынску. А калі Нарожнік на 26 хвіліне забіў трэці мяч, падумалася: нічога цікавага тут больш не будзе…

Вось такая неспадзяванка…

Віталь Макрыцкі бадае мяч.

Выша: “А мы заб’ем, колькі захочам”.

Трывожны Гармаза.

Насця. Скажыце, калі ў нас ёсць такія фанаткі, хіба можна не выйграваць?

Вот и все…

Інтрыгу аднавілі два галы ў нашы вароты. На 37 хвіліне лік быў ужо 2:3. Лужынскі адразу адказаў – 2:4. І ўсё было б нічога, каб на другой дабаўленай да першага тайма хвіліне суддзя не паставіў на 11-метровую адзнаку нашых варот. Прызнаем: справядліва. 3:4. Стала неяк трывожна… Перапынак.

Што галоўны трэнер маладзечанцаў Аляксандр Гармаза гаварыў сваім падапечным у раздзявальні – гэта Гармазы і яго падапечных справа. Але ў другім тайме нашы выйшлі з настроем такога кшталту: вы забілі колькі змаглі, а мы заб’ём, колькі захочам. На 61 хвіліне Дараховіч супакоіў фанатаў, якіх, акрамя як у Маладзечне, няма, бадай, нават у камандаў вышэйшай лігі, – 3:5. А на 79 хвіліне Дзіма Вышынскі аформіў свой хет-трык – 3:6.

“Гэта была гульня з разраду тых, якія падабаюцца гледачам і не падабаюцца трэнерам, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер нашай каманды Віталь Казяк. – Падзеі змяняюцца з такой хуткасцю, што не ведаеш, чаго чакаць у наступную хвіліну. Забілі тры галы ўжо да 26 хвіліны і, здавалася, можна супакоіцца. І раптам – атрымліваем два мячы ў свае вароты. Псіхалагічная перавага была на баку саперніка. Добра, што Лужынскі з дапамогай Макрыцкага і Нарожніка адразу забіў чацверты мяч, але пасля пенальці настрой зноў сапсаваўся”.

Па словах трэнера, перад другой паловай гульні прымушалі хвалявацца таксама чатыры жоўтыя карткі, якія нашы атрымалі да перапынку. У раздзявальні адбылася даволі жорсткая размова Аляксандра Гармазы з футбалістамі на тэму: як можна растранжырыць перавагу ў тры галы. Прэтэнзій больш было да абароны.

Віталь Казяк адзначае, што “Лівадзія” – каманда, якая гуляе на доўгіх перадачах у разліку на барацьбу нападаючых наперадзе. Да таго ж, гэта каманда правакацыйная, якая ўвесь час шукае магчымасць зарабіць штрафны ўдар ці пенальці. Пра гэта трэнеры папярэджвалі сваіх падапечных і, нягледзячы на папярэджанне, менавіта са стандартаў сыходзіла найбольшая пагроза нашым варотам.

Добра, што ў перапынку хлопцы ўсё зразумелі і шансаў забіць сапернікам да канца гульні ўжо не давалі. У нас два добрыя моманты меў Аляксандр Грыхуцік, але не выкарыстаў іх. Наш форвард у гэтым сезоне ніяк пакуль не можа забіць свой першы гол. У штангу прабіў Ягор Гармаза. Ну, а Дараховіч з Вышынскім давялі лік да буйнога.

“Радуе, што ветэраны вядуць гульню сваёй каманды, – падсумоўвае Віталь Казяк. – Вось толькі хоць і перамаглі, а пачуцці засталіся дваякія. Наперадзе, здаецца, усё нармальна, а вось у абароне ёсць праблемы. Не можам жа мы кожную гульню забіваць па шэсць галоў, каб дазволіць сабе прапускаць па тры. Наступны матч праводзім дома з мастоўскім “Нёманам”. І гэта каманда нам марнатраўнасці не даруе. Добра, што такая сітуацыя склалася ў Дзяржынску. Няхай гэта стане для нас ўрокам”.

Адзначым яшчэ адзін момант на 88 хвіліне. Наш абаронца Сяргей Дрозд не па-джэнтльменску абышоўся з гульцом саперніка. Збіў яго, прама скажам, грубавата. Адразу двое дзяржынцаў кінуліся помсціць Сяргею за пакрыўджанага сябра. І абодва ўбачылі перад сабой чырвоныя карткі. Добра, што Дрозд не ўвязаўся ў бойку, бо таксама пайшоў бы з поля. А так усяго толькі папярэджанне атрымаў. Не хацелася б застацца без Сяргея перад гульнёй з Мастамі.

Сустракаемся з “Нёманам” на гарадскім стадыёне ў суботу, 15 мая. Пачатак гульні ў 17.00. Не спазняйцеся.

Сяргей ЗЯНЬКО.