Духавыя аркестры з усёй Мінскай вобласці прайшлі 8 мая па вуліцах Маладзечна – напярэдадні Дня Перамогі ў горадзе адбыліся марш-парад “Дарогамі вайны” і фестываль духавой музыкі “Майскі вальс”.

Ідзе клецкі аркестр.

Валожынскі аркестр рыхтуецца да выступлення.

Усе глядацкія месцы былі занятыя.

Аркестры пастроіліся літарай “П”.

Аркестр дзіцячай музычнай школы.

Узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў  стаў лаўрэатам трэцяй ступені фестывалю духавой музыкі “Майскі вальс”.

Дырыжыруе падпалкоўнік запасу, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сцяпан Чудакоў.

Госці з мінулага.

 

Аўтобусы ў гэты дзень хадзілі амаль пустыя: маладзечанцы, якія не з’ехалі ў вёску і на дачу, былі ў парку, на Цэнтральнай плошчы ці ля Палаца культуры. Каля 13.00 рух машын у цэнтры горада перакрылі: ад музычнага вучылішча імя Агінскага, па Машэрава, ад “Елгавы” – з васьмі бакоў на плошчу з музыкай выходзілі аркестры – 27 калектываў з усёй Мінскай вобласці, якія вясной пацвердзілі званне народнага ці ўзорнага.

У тым ліку з Вілейкі, Валожына і з Маладзечна. Яны пастроіліся літарай “П”. Плошчу не абгароджвалі – уваход быў вольны. Супрацоўнікі міліцыі сачылі за парадкам, але слухачоў не абшуквалі. Вольных месцаў на лаўках для гледачоў не было, шмат людзей слухалі выступленне стоячы. Маладзечанскія хоры “Спадчына”, “Журавачка”, “Спяваем разам” і іншыя ў суправаджэнні аркестраў выканалі песні ваенных гадоў. Дырыжыравалі падпалкоўнік запасу, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сцяпан Чудакоў і палкоўнік запасу, народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Берсан.

Напрыканцы журы адзначыла лепшыя духавыя калектывы. Гран-пры адправіўся ў Клецк. Лаўрэатам першай ступені з прадстаўнікоў нашага рэгіёна стаў толькі народны духавы аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага (кіраўнік Марцылін Дабравольскі). У марш-парадзе ўвесь калектыў не ўдзельнічаў: частка музыкантаў была задзейнічаная ў гэты час у канцэрце сімфанічнага аркестра.

 Лаўрэатам трэцяй ступені стаў узорны духавы аркестр Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў. “Ісці і адначасова іграць, безумоўна, цяжка, асабліва для дзяцей – з непрывычкі муштук скача на губах. Трэба ісці мяккім крокам, а яшчэ і раўненне ў шэрагах і калонах трымаць. Мы спецыяльна рэпеціравалі гэты момант – хадзілі ў Вілейцы на плошчы”, – патлумачыў у інтэрв’ю “РГ” кіраўнік калектыву Валеры Чачулін.

Святлана ЦІШКО.

Фота і відэа Святланы ЦІШКО.

Відэафрагмент з фэста.