Рэканструкцыя дзіцячай бальніцы прыпыненая – запазычанасць перад падрадчыкам на 6 мая складала каля 900 мільёнаў рублёў.
Па словах намесніка старшыні Маладзечанскага райвыканкама па будаўніцтве Юрыя Байтаза, запазычанасць была большая, але зменшыць яе дапамаглі сродкі, сабраныя на раённым суботніку і выдзеленыя з абласнога бюджэту.

Галоўны бухгалтар райвыканкама Таццяна Ліхадзіеўская расказала ў інтэрв’ю “РГ”, што за сакавіцкі суботнік прыватныя асобы, арганізацыі, прадпрыемствы Маладзечна і раёна пералічылі на рэканструкцыю каля 200 мільёнаў рублёў. Грошы паступаюць практычна штодня – калі болей, калі меней.

Грошы збіралі і навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. З прапановай выступілі навучэнцы апошняга курса медыцынскага каледжа. У акцыі паўдзельнічалі навучэнцы ўсіх маладзечанскіх ССНУ.

У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, да канца года ў раёне павінны прайсці яшчэ тры суботнікі. Мяркуючы па выніках першага, заробленых на іх грошай хопіць хіба што на пакрыццё запазычанасці перад падрадчыкам. Каб завяршыць рэканструкцыю бальніцы, трэба, па словах Юрыя Байтаза, яшчэ каля 16 мільярдаў рублёў. Уся надзея на сродкі з рэспубліканскага бюджэту. Рашэнне аб іх выдзяленні павінны прыняць Савет Міністраў.

Рэканструкцыя пачалася ў ліпені 2008 года. Вялікая частка працы выкананая. Засталося завяршыць уцяпленне сцен (частка – сцяна ад вуліцы Багдана Хмяльніцкага – зроблена) і ўнутраную аддзелку. Няма пакуль што мэблі і медыцынскага абсталявання.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Мінулыя артыкулы на гэту тэму:

Дапаможам дзіцячай бальніцы

Да канца года дзіцячая бальніца прыме пацыентаў