На занятках школкі мы ўжо разгледзелі сялянскія рамёствы і розныя віды нялёгкай сялянскай працы ў нашым рэгіёне.

Але, напэўна, самым небяспечным і цяжкім быў сплаў тавараў на плытах па Віліі і яе прытоках да Вільні, Коўна, Каралеўца (сённяшняга Калінінграда).

З самай глыбокай старажытнасці нашы продкі не толькі лавілі рыбу і ракаў, але і вынаходзілі сродкі пераправы, дастаўкі грузаў на даволі вялікія адлегласці. З самых даўніх часоў на берагах нашых рэк, багатых лесам, пачалося суднабудаўніцтва. Човен, лодка і струг згадваюцца ў летапісах ІХ-ХІ стагоддзяў. Пры гэтым асноўнымі, самымі выгаднымі і таннымі сродкамі дастаўкі разнастайных грузаў былі плыты, напэўна, самы старажытны від воднага транспарту. Калі дрэва ішло на дровы, яно было і грузам, і сродкам дастаўкі.

Роля плытоў узрасла ў пачатку XV стагоддзя, калі Вялікі князь Вітаўт наладзіў добрасуседскія адносіны з Нямецкім Ордэнам. Значна павялічылася колькасць грузаў, якія пастаўляліся ў Еўропу праз Балтыйскае мора. Коўна і Вільня былі галоўнымі гандлёвымі базамі на Віліі, куды з нашага рэгіёна сплаўляліся збожжа, мёд, футра, скуры, лён, пянька, рыба, карабельнае і будаўнічае дрэва, дровы. Назад, часцей сухім шляхам, везлі сукно, жалеза, цукар, соль, селядцы.

Сплаў пачынаўся з вытокаў Віліі і па яе прытоках Сэрвачы, Іліі з Рыбчанкай, Нарачы з Вузлянкай, Ушы, Страчы і многіх іншых, калі ўдавалася правезці хаця б адно ці два звязаныя паміж сабой бярвенні. На Віліі, на бліжэйшай прыстані, крыху падсохлую драўніну звязвалі ў звёны – так званыя лаўкі ці клейны, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў камлёў-калодак.

Кожная з калодак мацавалася пры дапамозе віцаў альбо граздзялёў (вяровак са скручаных маладых бярозавых пруткоў, пазней для гэтага стаў прымяняцца дрот) да жэрасцяў, пакладзеных упоперак. Паміж сабой лаўкі злучаліся жэрдкамі, якія называліся паклёсамі. У вярхоўі Віліі, дзе яна была вузкай і звілістай, плыты звычайна складаліся з трох-чатырох лавак. На першай і апошняй для кіравання плытом ставіліся апачыны – рулявыя вёслы (на мелкіх і небяспечных месцах ракі плытом кіравалі з дапамогай жэрдак), там жа знаходзіліся і шарыгі – завостраныя калы, якія выкарыстоўваліся пры тармажэнні. Кіраваў плытом галоўнік, а заднік павінны быў упраўляцца з “хвастом”. На апошняй лаўцы ставілі з галін будан, накрыты саломай, і горан (раней вогнішча на тоўстай посцілцы) для прыгатавання ежы.

Плыты з вялікай колькасцю лавак абслугоўвалі 2-3 сплаўшчыкі, а караван плытоў дастаўляла цэлая арцель, у якую ўваходзілі галоўны плытагон (стырнік, корнік), дубовікі і весляры на лодках, рабочыя плытагоны. Каля Вільні з малых плытоў складалі вялікія, шырынёй 10 метраў, даўжынёй да 100 метраў, і адпраўлялі далей да Коўна і Каралеўца.

Спачатку гандлем дрэва займаліся самі гаспадары вялікіх лясных угоддзяў, пазней, калі стала больш выгадна, за плату сталі выдзяляць драўніну і прыгонных сялян для працы пабочным гандлярам, у асноўным яўрэям-прамыслоўцам. Пасля адмены прыгоннага права сялян-лесасекаў і вознікаў-трылёўшчыкаў наймалі за невялікую плату. Першыя валілі лес і наразалі яго на калодкі даўжынёй па 3-5 метраў, другія займаліся дастаўкай на румы – вялікія склады на беразе ракі. Там дрэва акорвалі і складалі для прасушкі. Гэта рабілі позняй восенню і зімой. Напрадвесні наступала чарга сялян – вязальшчыкаў плытоў. Тавары таксама звозіліся на берагі Віліі. Самыя вялікія склады былі ў Кастыках, Вілейцы, Даманаве і Заскавічах.

Нялёгкая была і праца плытніка, на яе адважваліся мясцовыя сяляне хутчэй з безвыходнасці, чым з-за заробку. Першая беларуская газета “Наша ніва” ў 1910 годзе пісала: “У Віленскай губерні варункі жыцця плытнікаў не вельмі добрыя. Бярэ, напрыклад, з Вілейкі плыт гнаць за 25 рублёў, – з гэтых трэба аддаць задніку 6-7 рублёў і плытніку астаецца 18. Хлеб дае купец. Калі добра пойдзе, то вернешся за якія два тыдні. Але як разаб’ецца плыт, калоды згубяцца, – тады купец за кожную калоду адлічыць па 2-3 рублі. І вось, правёўшы месяц часу, хоць пехатой ідзі да хаты. А і Вілія не матка, кожны год забярэ каго-небудзь. Летась забрала, як чуў, аднаго, а і сёлята аднаго ля Вілейкі”.

Дзядзька КАПЦЮГ з Вілейкі, май 2010.