Савет Міністраў Беларусі ўнёс змяненні і дапаўненні ў Палажэнне аб парадку працы камп’ютэрных клубаў і інтэрнэт-кафэ, зацверджанае пастановай урада ад 10 ліпеня 2007 года.

Новае палажэнне зацверджанае пастановай Саўміна ад 29 красавіка №647, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўрада.

Згодна з палажэннем ад 1 ліпеня аказанне паслуг перадачы даных ці тэлематычных паслуг наведнікам камп’ютэрных клубаў і інтэрнэт-кафэ павінна ажыццяўляцца пасля ідэнтэфікацыі асобы наведніка. Кліент павінен будзе прад’явіць дакумент, які пацвярджае асобу, – пашпарт, імянную клубную карту і г.д.

Кіраўнік камп’ютэрнага клуба і інтэрнэт-кафэ ці ўпаўнаважаная асоба павінны весці электронны журнал, куды, акрамя іншага, уключаюцца звесткі аб даце, часе і даменных імёнах ці ІР-адрасах інтэрнэт-рэсурсаў, з якімі злучаўся карыстальнік. Гэтую інфармацыю неабходна захоўваць на працягу года з дня аказання паслугі.

Як патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” спецыяліст па маркетынгу маладзечанскага раённага вузла электрычнай сувязі Ірына Гайчук, у Маладзечна адпаведных указанняў ад вышэйстаячых арганізацый не паступала. “Наш сервісны цэнтр, праўда, не адносіцца да клубаў і інтэрнэт-кафэ. Але думаю, што нам таксама давядзецца падпарадкоўвацца палажэнню. Змяненні пачнуць дзейнічаць ад 1 ліпеня. Магчыма, у чэрвені мы атрымаем адпаведныя ўказанні”, – сказала яна ў інтэрв’ю “РГ”.

Дырэктар аднаго з інтэрнэт-клубаў нашага рэгіёна лічыць, што гэтыя змяненні дададуць цяжкасцей. Напрыклад, створаць чэргі. “Электронны журнал мы вялі і раней. Але ж у ім фіксуецца толькі факт, што з гэтага камп’ютэра выходзілі на пэўны сайт. А хто? Напэўна, давядзецца весці і папяровы журнал, куды будзем запісваць персанальныя дадзеныя”, – мяркуе ён.

Што будуць прадстаўляць непаўнагадовыя, тыя, у каго пашпарта няма, дырэктар клуба пакуль не ведае.

Святлана ЦІШКО, паводле БелаПАН.

Фота as.baikal.tv