У зале літаратуры на замежных мовах у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча 5 мая прайшла сустрэча са студэнтам нямецкага інстытута імя Гётэ Норманам Залюза.

Маладзечанскія школьнікі – удзячныя слухачы госця з Германіі.

Германія з даўніх часоў знакамітая як цэнтр развіцця навукі і культуры. Але студэнты гэтай краіны цікавяцца і іншымі культурамі і народамі, напрыклад, рускім мастацтвам і беларускай архітэктурай. Да ліку такіх людзей адносіцца і наш госць Норман.

У Беларусі ён імкнецца вывучыць рускую мову, а дапамагае яму ў гэтай справе студэнтка перакладчыцкага факультэта лінгвістычнага ўніверсітэта Вольга Пухнічэнка. Перад сустрэчай ў бібліятэцы з вучнямі гімназіі №7, СШ №5, гандлёва-эканамічнага каледжа і гімназіі №10, якія валодаюць нямецкай мовай, Норман наведаў Палац культуры, больш пазнаёміўся з нашым горадам і яго архітэктурай.

Для яго была праведзеная экскурсія па бібліятэцы, каб ў памяці студэнта засталіся імёны беларускіх і рускіх пісьменнікаў.

Сваю сустрэчу Норман пачаў з падрыхтаванай прэзентацыі пра яго родны горад Ліпнінг. Назва паходзіць ад слова ліпа. Студэнт на фатаграфіях паказваў агульную планіроўку горада, яго вуліцы і завулкі, кафэ і рэстараны, пабудову вакзала і штодзённае жыццё нямецкай моладзі. Таксама засяродзіў сваю ўвагу на помніку сяброўства народаў, што Норман лічыць вельмі важным у адносінах паміж рознымі краінамі і рознымі нацыямі.

Студэнт пазнаёміў усіх прысутных і са сваімі любімымі месцамі ў горадзе. У прэзентацыі была фатаграфія праваслаўнай царквы Святога Аляксея, якая была пабудаваная ў памяць загінуўшых рускіх воінаў у вайне з Напалеонам. Для мясцовасці горада не характэрныя горы, але ёсць такая гара Fockeberg, адкуль вельмі добра бачная ўся панарама Ліпнінга. Крыху пазнаёміліся з інстытутам імя Гётэ, яго бібліятэкай.

Паміж гэтай вышэйшай навучальнай установай і Беларускім дзяржаўным універсітэтам было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве, што вельмі важна для студэнтаў. Гэта дае магчымасць больш знаёміцца з іншай краінай, яе культурай, абменьвацца ведамі з нямецкімі студэнтамі.

Выступіла Вольга Пухнічэнка з расказам пра свой універсітэт і яго структуру, таму што прысутнічалі і вучні, якія мараць звязаць сваё жыццё з нямецкай мовай. Напрыканцы сустрэчы Норман правёў невялікі тэст па той інфармацыі, якую ён і яго перакладчыца Вольга данеслі да прысутных. Хто ўважліва слухаў, той змог добра адказаць на пытанні. Норман лепшым падарыў невялікія падарункі, якія будуць ім нагадваць пра сустрэчу. На працягу ўсёй размовы вучні і іх настаўнікі задавалі пытанні Норману:

– Якія ў вас ўражанні ад Беларусі і нашага горада?

– Што можа адказаць госць? Толькі адно: Беларусь – вельмі прыгожая краіна. Ваш горад наведваю ўпершыню. Акрамя гэтага, быў у Віцебску, Брэсце і, канешне, у вашай сталіцы Мінску.

– Ці засталі вы час існавання ГДР?

– Не. Я нарадзіўся ў 1989 годзе, таму пра існаванне ГДР ведаю толькі з гісторыі, шмат чытаў у падручніках, а таксама пра гэту краіну расказвалі настаўнікі і людзі, якія яшчэ жылі ў гэтай краіне.

– Раскажыце, калі ласка, пра армію вашай краіны.

– У армію хлопцаў забіраюць толькі на 9 месяцаў, але адразу ж скажу, што 70 працэнтаў праходзяць альтэрнатыўную службу, напрыклад, пры шпіталях. Шмат сустракаецца і дзяўчат, якія хочуць звязаць сваё жыццё з арміяй, службай. Яны сапраўдныя патрыёткі краіны.

У канцы Норман пажадаў усім добрага настрою, шчаслівага далейшага жыцця і, самае галоўнае, каб у вачах было бачнае імкненне.

Юлія КРУК, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забяспечана Таццянай ЛЕТУНОВАЙ.