Малаф Зубанаў не быў тут каля дзесятка гадоў. У гэтым храме хрысцілі і яго ў 1926-м, і трое яго і Веры Нікіцічны, дзяцей.
Траецкая царква паморскіх стараабрадцаў не дзейнічае. У сямідзесятых памёр мясцовы святар. Прыязджалі службы чыніць са Свянцянаў і Вільні. А сёння, хоць Літва і ў кіламетры ад царквы, дзяржаўная мяжа робіць кантакты адзінаверцаў нерэгулярнымі.
– Некалі,– кажа дзядзька Малаф, – у Стрыпішках жыло каля 700 чалавек. З усяго наваколля збіралася моладзь на гулянкі. У нас жа па суседству ў Зулаве Пілсудскі нарадзіўся, дык і ён прыбягаў да нашых дзяўчат.
– Вы памятаеце расказы тых, хто з ім тут гуляў?
– Канечне, я ж заспеў час, калі ён яшчэ жыў.
Ад стараверскай вёскі Стрыпішкі нічога амаль і не засталося. Па квітнеючых яблынях можна пазнаць, дзе стаялі сядзібы вяскоўцаў. Леснікі засадзілі былыя палеткі і селішчы лесам. Хутка, мабыць, і помнік дойлідства Траецкая царква старавераў пераедзе ў Мінск. Абшчына памораў-старавераў атрымала дазвол на вываз бажніцы ў сталіцу. Застаецца толькі пытанне з канкрэтным месцам, дзе размясціць святыню.
Аляксандр МАНЦЭВІЧ.