Па чужых кішэнях “хадзілі” грошы, выплачаныя жыхарамі Мядзельскага раёна за дровы і торфабрыкет, перад тым, як трапіць у касу мясцовага філіяла прадпрыемства “Мінаблпаліва”.

Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю падчас праведзенай праверкі выявіў парушэнні ў своечасовай здачы ў касу Мядзельскага філіяла “Мінаблпаліва” аплаты насельніцтвам за прададзеныя дровы і брыкет.

Паводле праведзенай праверкі, наяўныя грошы, якія людзі плацілі за паліва, праходзілі мудрагелісты шлях. Яны проста на нейкі час затрымліваліся ў кашальках тых, хто непасрэдна прывозіў дровы на падворкі людзей.

Толькі за адзін дзень, 22 снежня 2009 года, у касу прадпрыемства павінна было паступіць больш за 6 мільёнаў рублёў выручкі за пастаўку 48,7 тоны торфабрыкету і 98 кубаметраў дроў. Гэта паліва было развезенае на 41 падворак.

Своечасова грошы не былі здадзеныя ў касу. Нейкі час хтосьці імі паспеў пакарыстацца. Потым, праўда, гэты хтосьці грошы вярнуў. Па выніках праверкі, такім махінацыям дапамагаў касір прадпрыемства, які выпісваў таварна-транспартную накладную не на рэальны, а на “патрэбны” дзень, у які быццам бы дровы развозіліся.

Так прадпрыемства працавала не адзін дзень, а некалькі месяцаў. Устанавіць, каму, калі і колькі на самой справе аплаціў кожны спажывец, аказалася немагчымым. Такім самым чынам паліва пастаўлялі і па льготнай цане, розніца ў якой датуецца з бюджэту.

Праверка ўстанавіла таксама іншыя парушэнні ў рабоце Мядзельскага філіяла прадпрыемства “Мінаблпаліва”. У тым ліку – самавольнае падключэнне да лініі электраперадач.

За парушэнне касавай дысцыпліны і бухгалтарскага ўліку вымовы аб’яўленыя галоўнаму інжынеру, галоўнаму бухгалтару, касіру і галоўнаму эканамісту філіяла. Магчыма, яны таксама будуць аштрафаваныя. Пра сумы штрафаў гаварыць рана. Над прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці цяпер працуюць юрысты дзяржкантролю.

Паводле прэс-рэліза Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.