Аліса Качаткова – 10-гадовая шахматыстка, пераможца і прызёр шматлікіх турніраў у Беларусі і за мяжой.

У мінулыя выхадныя на першынстве краіны па хуткіх шахматах яна заняла ў сваёй узроставай групе сярод дзяўчат пятае месца. Але параза не адбіла ў яе жадання займацца гэтым відам спорту. “Проста я не заўсёды знаходзіла правільныя хады”, – патлумачыла дзяўчынка такі “непрызавы” вынік у інтэрв’ю “РГ”.

Аліса – сярэдняе дзіця ў сям’і Качатковых, адзіная дачка. Яшчэ ў яе ёсць два браты. Старэйшы, 12-гадовы Эдуард, сур’ёзна займаецца шахматамі, паспяхова выступае на спаборніцтвах. Сямён, якому споўнілася тры гады, ужо ведае, як называюцца фігуры.

Шахматы даўно ўвайшлі ў жыццё дзяўчынкі. Тата-шахматыст Віталь Качаткоў усталяваў на камп’ютары спецыяльную праграму, якая вучыць знаходзіць правільны ход, калі Эдуарду было 4, Алісе – 2 гады.

З праграмай, натуральна, больш працаваў старэйшы брат, але дзяўчынка была побач – глядзела і вучылася. У 4-гадовым узросце, калі брат пачаў займацца ў трэнера Сяргея Зыскіна, Аліса таксама папрасілася і пачала трэніравацца.

Пасля на нейкі час адмовілася: ці то замаленькая была, ці то стамлялася, а можа, методыка навучання не падышла. Але ў 6 гадоў вярнулася ў спорт і з таго часу займаецца больш сур’ёзна. Перамагала не толькі на беларускіх, але і на міжнародных турнірах.

Але тата вучыць яе, што да сваіх дасягненняў трэба ставіцца спакойна, не хваліцца імі. Па-першае, гэта нясціпла, а па-другое, тата пакуль што не лічыць поспехі дачкі вялікімі дасягненнямі – яшчэ трэба многа працаваць.

Яе мама, Наталля, кажа, што сама яна не ўмее гуляць у шахматы: “Так, толькі фігуры перамяшчаць па дошцы ўмею”, – расказала яна. Удзельнічае толькі ў дамашніх, сямейных турнірах. Для дачкі лічыць такі занятак карысным: “Гэта інтэлектуальны від спорту. Дзяўчаты цяпер нават цяжкай атлетыкай і боксам займаюцца. А жаночыя шахматы – гэта прыгожа і элегантна”.

Акрамя шахматаў, займаецца ў вакальным гуртку, наведвае басейн і вучыцца ў музычнай школе па класе скрыпкі. Кажа, што не стамляецца, паспявае адпачыць. Любіць гуляць у “Мафію”, мяч і катацца на веласіпедзе.

На думку бацькоў Алісы, шахматы – не самае галоўнае ў жыцці. Мэты вырасціць чэмпіёнку ў іх няма. Тата нават і супраць таго, каб шахматы для дачкі сталі прафесіяй. Гэта карысна для усебаковага, гарманічнага развіцця і добрае хобі будзе ў жыцці, лічыць ён.

Але сама Аліса сказала, што хацела б стаць гросмайстрам.

Святлана ЦІШКО.