50 тысяч рублёў хабару ад вадзіцеля “Мерсэдэса” на аўтадарозе Маладзечна–Мінск у Красным не ўзяў інспектар дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі.

Пракуратура 20 мая ў адносінах да кіроўцы іншамаркі ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле “Перадача хабару”.

Як расказаў у інтэрв’ю “РГ” старшы следчы пракуратуры Маладзечанскага раёна Вадзім Шукрынаў, нягледзячы на тое, што перадача хабару так і не адбылася, вадзіцель адкажа перад законам.

Па словах следчага, 7 мая “Мерсэдэс-С 500” рухаўся ў бок Мінска. У Красным ён перавысіў хуткасць. Супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі спыніў машыну. Калі ён сказаў шафёру, што за парушэнне правілаў дарожнага руху ён складзе адміністрацыйны пратакол і аштрафуе парушальніка, у руках апошняга з’явіліся 50 тысяч рублёў.

Міліцыянер не спакусіўся на грошы, а пасля заявіў у пракуратуру, што яму хацелі даць хабар.

Сяргей ЗЯНЬКО.