За пяць месяцаў гэтага года, па 31 мая 2010 года, з ўкусам кляшча ў інфекцыйны кабінет дзіцячай паліклінікі звярнулася 31 дзіця да 18 гадоў.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” паведаміла доктар-інфекцыяніст Наталля Свірыда. “Летась за такі ж перыяд мы зарэгістравалі сем выпадкаў. Гэта сведчыць не толькі і не столькі аб павелічэнні колькасці гэтых насякомых, колькі аб тым, што тлумачальная работа медыкаў і сродкаў масавай інфармацыі дае плён: знайшоўшы на сабе кляшча, людзі часцей звяртаюцца да спецыялістаў”, – патлумачыла яна

Кляшчы актыўныя ад сакавіка па лістапад. Сам іх укус не вельмі страшны: ён можа выклікаць пачырваненне, сверб, невялікі ацёк у вобласці ранкі. Небяспечныя інфекцыі, якія насякомыя пераносяць. Выпадкаў клешчавога энцэфаліту ў дзяцей у Маладзечне і раёне не рэгістравалі. А вось на лайм-барэліёз у 2009 годзе адно дзіця хварэла. Яго вылечылі і хутка здымуць з дыспансэрнага ўліку.

Даведка “РГ”. Клешчавы энцэфаліт – вірусная інфекцыя, якая характарызуецца гарачкай, інтаксікацыяй, пашкоджаннем галаўнога і спіннога мозга. Можа развіцца параліч. Лайм-барэліёз – інфекцыйнае захворванне з разнастайнымі клінічнымі праяўленнямі. Найбольш характэрнае – кольцападобнае пачырваненне. Лайм-барэліёз паражае нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы і апорна-рухальны апарат. Адсутнасць лячэння можа прывесці да інваліднасці.

Таму, збіраючыся з дзіцем на прыроду, абараніце яго ад укусаў кляшчоў. Тым, каму споўнілася тры гады, могуць дапамагчы рэпеленты – сродкі, якія адпуджваюць насякомых. Звярніце ўвагу на супрацьпаказанні, напрыклад, экзэма. Да трох гадоў рэпелентамі лепш не карыстацца.

Медыкі раяць:

падчас паездкі з дзіцем у лес, у вёску, увогуле на прыроду максімальна закрываць цела і галаву адзеннем;

пасля прагулкі агледзьце дзіця, праверце, ці няма на целе кляшчоў. Насякомае, трапляючы на скуру, ад некалькіх гадзін да сутак можа шукаць сабе “смачнае” месца;

знайшоўшы кляшча, які прысмактаўся, звярніцеся ў бліжэйшую медыцынскую ўстанову. Там спецыялісты правільна дастануць насякомае і накіруюць яго на даследаванне. Доктар прызначыць прафілактычнае лячэннею.

Калі вы не звярталіся да медыкаў і справіліся з кляшчом самастойна, уважліва сачыце за станам дзіцяці. У выпадку заражэння дзіця можа адчуваць стомленасць, болі ў нагах, галаўны боль. На месцы ўкусу, а пасля і на іншых частках цела могуць з’явіцца кольцападобныя пачырваненні. Заўважыўшы падобныя сімптомы, тэрмінова звярніцеся да педыятра. Абавязкова паведаміце яму, што дзіця ўкусіў клешч, якога вы выдалілі самі.

Святлана ЦІШКО.