Калі праязджаеш уздоўж палёў, часта бачыш даволі буйных птушак бурай афарбоўкі, што адзінока сядзяць на слупах і дрэвах. Яны не баязлівыя. Машыну, якая праходзіць міма, усяго толькі право­дзяць вачыма. І, нават калі яна спыніцца, неахвотна здымаюцца са свайго месца. Гэтыя птушкі – канюкі, сапраўдныя вартаўнікі нашых палёў.

 

Канюк звычайны, альбо сарыч – самы распаўсюджаны сярод дзённых драпежных птушак. Назва яго звязаная з характэрным крыкам, цягучым “кь-я-я-я – кь-я-я – кь-я-я”, быццам канюк штосьці жалобна выпрошвае, канючыць. Яшчэ яго часам называюць “арол, што мяўкае”, “зануда”, альбо мышатнік, мышалоў, што вельмі адпавядае сутнасці птушкі, галоўную ролю ў рацыёне якой іграюць мышы (маюцца на ўвазе розныя палёўкі). Хаця не грэбуе ён і іншай ежай. Харчуецца таксама маладымі птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, казюлькамі ды чарвякамі.

Знешні выгляд канюка самы звычайны, “шаблонны”. Сілуэт яго акруглы, крылы і хвост шырокія, птушка, калі сядзіць спакойна, выглядае сутулай. Афарбоўка бурая, непрыкметная. У палёце бачнае спалучэнне светлых і цёмных палос унізе на крылах і хвасце. У цэлым, варыяцыі афарбоўкі ў канюкоў розныя. Ад амаль белай да вельмі цёмнай. Ён прыкладна ў паўтара раза большы за варону.

У нашых лясах гэты драпежнік трывала ўтрымлівае першае месца па колькасці сярод братоў па атрадзе. Прычым “чэмпіён” ідзе з вялікім адрывам ад “сапернікаў”, якіх у два, а то і ў тры разы менш. У спякотны летні дзень звычайны малюнак – пара-тройка канюкоў над полем альбо высечкай.

Канюкі – птушкі пералётныя. На зіму адлятаюць на поўдзень. Аднак на Палессі яны часам таксама застаюцца зімаваць. Адбываецца гэта ў сувязі з пацяпленнем і, адпаведна, больш мяккімі зімамі. Былі выпадкі, калі гэтыя птушкі заставаліся зімаваць і ў паўночных раёнах.

Гняздуюцца яны ў лісцевых і хвойных лясах усіх тыпаў. Але асабліва любяць адкрытую прастору – палі, высечкі, горы. Непадалёку ад палянак на мяжы з такімі ўгоддзямі альбо непасрэдна на палянах яны і ўстройваюць свае гнёзды. У гэтым выпадку чалавек канюку сябар. Асабліва калі ён яго яшчэ і не непакоіць.

Гняздо гэтай птушкі бывае рознае па памерах. Ад паўметра да паўтара ў дыяметры. Гэта залежыць і ад працягласці выкарыстання гнязда. Калі птушак ніхто не трывожыць, у адным і тым жа гняздзе яны могуць правесці год, а то і два. Гнёзды яны ўстройваюць на рознай вышыні. Звычайна ў развілцы альбо на буйных галінках. Аднак бывае, што будуюць яны сабе гнёзды нават на зямлі.

Адзін з вядучых арнітолагаў Расіі Уладзімір Галушын у сваёй кнізе “Драпежныя птушкі лесу” апісвае адзін вельмі цікавы выпадак, які назіраў у 1957 годзе ў Окскім заказніку. На востраве сярод залітага талымі водамі лесу ў старым гняздзе канюка абжылася качка. Пазней канюк палічыў гэта гняздо найбольш зручным для сябе і, выгнаўшы качку, стаў яго паднаўляць. Пры гэтым большая частка яек качкі засталася прыкрытая зялёнай “вусцілкай”, але два засталіся ў латку зверху. Самка канюка даклала да “падкідышаў” яшчэ два яйкі і пачала выседжваць незвычайную сямейку.

Праз некалькі дзён з яек качкі вылупіліся качаняты. Аўтар не ўбачыў, як паводзілі сябе ў гэты час прыёмныя бацькі, але, лічачы па наяўнасці ў гняздзе свежай палёўкі, адносіны да дзяцей у іх былі “бацькоўскія”.

Самка канюка спрабавала карміць качанят, відаць, дзівячыся іх капрызнаму характару. Праз дзень качаняты зніклі. Хутчэй за ўсё, саскочылі з гнязда ў пошуках вады. Нягледзячы на адсутнасць першынцаў, бацькі прадаўжалі выседжваць кладку і ў канцы мая дачакаліся птушанят.

У кладцы канюка звычайна бываюць 2-4 яйкі і вельмі рэдка адно ці пяць.У Сярэдняй Еўропе былі выпадкі, калі гэтыя птушкі выседжвалі і па 6 яек. Але птушанят вылупілася ўсё адно на аднаго альбо двух менш, чым было яек.

Выседжвае і абагравае іх толькі самка. Задача самца ў гэты час – забяспечваць яе ежай. Пасля з’яўлення птушанят яшчэ нейкі час самка знаходзіцца ў гняз­дзе. Корміць іх і харчуецца сама.

Асаблівасцю паво­дзі­наў птушанят канюка з’яўляецца шырокае распаўсюджанне канібалізму. Старэйшае, больш дужае птушаня звычайна пачынае праследаваць больш слабага свайго брата. У рэшце рэшт ён яго альбо забівае, альбо слабае птушаня само выпадае з гнязда.

Што дзіўна: калі сварка паміж птушанятамі разварочваецца перад бацькамі, яны застаюцца абыякавымі да таго, што адбываецца навокал. А пасля скормліваюць загінуўшых сваіх птушанят тым, што выжылі. Камусьці гэта здасца жорсткім. Але такі механізм дазваляе гэтаму віду выжываць і нават працвітаць.

Вылятаюць птушаняты з гнязда ў сярэдзіне альбо канцы ліпеня. Некаторы час бацькі яшчэ выхоўваюць іх. Затым яны разлятаюцца.

У паляўнічых звычках канюка мала цікавага. Ён не такі хуткі, як сокал, не такі дужы, як арол, не такі лоўкі, як ястраб. Але ж ён і не з’яўляецца вузкім спецыялістам па здабычы, таму ў гэтым выпадку лепш сярэдне валодаць многімі прыёмамі, чым добра адным. Гэта і дазволіла канюку так шырока распаўсюдзіцца.

Любімы спосаб яго палявання – кружыць над палямі і шукаць з вышыні 30-50 метраў палёвак, што зазяваліся. Не раз даводзілася бачыць, як канюк завісае ў паветры, махаючы крыламі, бы пустальга. Праўда, атрымліваецца гэта ў яго не так грацыёзна. Пасля кароткай паўзы ён складвае крылы і падае на здабычу. Такія атакі далёка не заўсёды заканчваюцца поспехам: толькі адна з 7-10 бывае выніковай. Ну, што ж – не спецыяліст!

На адсутнасць апетыту сям’я канюкоў не скардзіцца. Назіранні паказалі, што за дзень сям’я з’ядае прыкладна 10-12 звяркоў. Гэта значыць, прыкладна да 500 грамаў ежы.

Было таксама заў­важана, што ў гады, калі вельмі шмат ежы, канюкі палююць з большым стараннем і вылоўліваюць да 30 звяркоў у дзень. У такія часы, па самых сціплых падліках, кожны вывадак канюкоў за лета знішчае 500-1000 шэрых палёвак – шкоднікаў сельскай гаспадаркі. Агульная даніна, якую збірае сямейства канюкоў, 3-4 тысячы палёвак ці іншых грызуноў у год.

Памер страты ад палёвак ацаніць вельмі цяжка. Калі ўлічыць, што за год яна з’ядае прыкладна кілаграм зерня, то за лета канюк захоўвае каля паўтоны зерня. А на палях кожнай гаспадаркі палюе каля дзесятка такіх птушак. Так што ў памерах раёна, вобласці і нават рэспублікі атрымліваюцца дзесяткі тон.

Каб прыцягнуць гэтых птушак на паляванне, ад чалавека патрабуецца зусім няшмат: расставіць штучныя прынады для драпежных птушак, ды паменш іх непакоіць.

Прынады ўяўляюць сабой звычайны высокі шост з перакладзінай наверсе. Расстаўляць іх лепш за ўсё па краі поля, удалечыні ад дарогі і іншых крыніц неспакою.

Каб не перашка­джаць тэхніцы працаваць у полі, можна прынады размяшчаць у месцах, дзе ляжаць сабраныя з поля камяні, на мяжы і інш. У любым выпадку такое збудаванне аблегчыць драпежніку паляванне, дапаможа адпачыць, накапіць сілы і тым самым павысіць прадукцыйнасць самога палявання.

Прынады на палях добра прывабліваюць і іншых драпежных птушак, у тым ліку і на­чных. У гэтым выпадку барацьба са шкоднымі грызунамі будзе ўжо паспяхова весціся ў дзве змены.

Уладзімір КАЗЛОЎСКІ.

Фота Віктара КАЗЛОЎСКАГА.