Грыхуцік нарэшце забіў, Лужынскі зноў аформіў дубль. Мы – у 1/16 фінала.

 

 

Наш нападаючы Аляксандр Грыхуцік у дванаццатай афіцыйнай гульні сезона забіў свой першы доўгачаканы гол. Здарылася гэта ў Магілёве ў чацвер, 24 чэрвеня, у матчы 1/32 кубка Беларусі з мясцовым “Тэхнолагам”.

Трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк расказаў у інтэрв’ю “РГ”: прыгожым ударам левай нагой метраў з 16-ці Грыхуцік адправіў мяч у “дзевятку” варот гаспадароў. Лік быў адкрыты дзесьці на 13 хвіліне – 1:0.

Яшчэ праз дзве хвіліны Дзмітры Вышынскі стварыў усё для таго, каб Саша развіў поспех, але на гэты раз нападаючы метраў з чатырох трапіў мячом не ў сетку пустых варот, а ў перакладзіну. Тым не менш, лік сваім галам Аляксандр нарэшце адкрыў. Будзем спадзявацца, што ён адчуе ў гэтым смак.

“Перад матчам мы з Аляксандрам Гармазой былі занепакоеныя тым, што хлопцы будуць гуляць з камандай чэмпіянату вобласці “на адной назе”, – кажа Віталь Казяк. – У пэўнай ступені так яно і здарылася. Пасля таго, як не забіў Грыхуцік, добры момант не рэалізаваў Вышынскі. Потым мы не звярнулі ўвагі на два “званочкі” каля нашых варот. У першым выпадку выручыў варатар Антон Шчэрба, у другім – нападаючы “Тэхнолага” прабіў міма рамкі”.

А з трэцяй спробы гаспадары зраўнавалі лік. На 25 хвіліне падчас контратакі саперніка памыліўся наш абаронца Павел Суман – 1:1. Тут нашы зразумелі, што “на адной назе” магіляўчан не перабегаць. Мы дадалі ў руху, пачалі ўважлівей кантраляваць мяч. Як вынік – гол “у раздзявальню” Ігара Нарожніка. На 44 хвіліне з далёкай дыстанцыі Ігар, як ён гэта ўмее рабіць, добра прыклаўся да мяча – 2:1.

Пасля перапынку ў вароты стаў Канстанцін Сашчанка (тое, што варатары будуць стаяць па тайме, планавалася ад пачатку), месца ў цэнтры паўабароны заняў Раман Вінцукоўскі. У паўабароне злева пачаў гуляць Уладзіслаў Касцюк, а Міхаіл Лужынскі быў пераведзены ў нападзенне замест замененага Грыхуціка. Па той жа схеме, якая апраўдала сябе ў гульні чэмпіянату з “Асіповічамі”.

“У другім тайме моманты ля варот “Тэхнолага” мы стваралі праз кожныя пару хвілін, – адзначае Віталь Казяк, – мяч упарта не ішоў у вароты. Трапляў куды заўгодна – у перакладзіну, у крыжавіну, толькі не ў сетку. А калі пасля ўдару магіляўчан са штрафнога мяч трапіў у перакладзіну нашых варот, мы сур’ёзна занепакоіліся, што можам прапусціць контратаку і недарэчны гол. Не хапала яшчэ давесці справу да дадатковага часу і пенальці!”

Велізарную перавагу ў гол увасобіў нарэшце Міхаіл Лужынскі. На 80 хвіліне на правым фланзе ён “разабраўся” з абаронцам і дакладна прабіў – 3:1. А на апошняй, 90 хвіліне, нашы закінулі мяч за спіны абаронцаў, там яго падабраў Лужынскі, прайшоў наперад і дакладна, зрокава, “шчакой” забіў свой другі і чацверты камандны гол – 4:1. Такім чынам, Міша другую гульню запар забівае двойчы пасля перамяшчэння ў другім тайме з левага фланга паўабароны ў нападзенне. Сімпатычная тэндэнцыя…

“Лішні раз нам урок, што да любога саперніка трэба адносіцца з павагай. Забі трэці гол раней – і спакойна дагульвай да канца. Дык не! Трэба псаваць сабе нервы, траціць сілы. І тым не менш, канешне, парадавала тое, што забіў нарэшце Саша Грыхуцік і што Міша Лужынскі зноў аформіў дубль”.

Сяргей ЗЯНЬКО.