У пятніцу заканчылася вандроўка па Вяллі “Шляхам графа Тышкевіча”, ужо чацвертая. Першая прайшла ў 2007 годзе.

Сёлетняя экспедыцыя, якая не носіць такой навуковай нагрузкі, як першая, праводзілася беларускімі ўдзельнікамі, але пры вялікай падтрымцы літоўскіх сяброў. Маршрут мае працягласць 225 кіламетраў. Вандроўка пачалася ў Вілейцы 10 чэрвеня, заканчваецца ў Вільні 25 чэрвеня.

Мяжу паміж Беларуссю і Літвой падарожнікі перасеклі 18 чэрвеня. Заяўкі на перасячэнне мяжы падавалі 77 чалавек, але справы некаторых не пусцілі ў дарогу і наша каманда на літоўскім баку складала 68 чалавек.

Кіруе экспедыцыяй віляйчанін Міхаіл Петух, значную арганізатарскую ролю адыгрывае Дзмітры Ведзень з Мінска, ураджэнец Жодзішак. Дзмітры праз свой сайт каардынаваў усю падрыхтоўчую працу да пахода.

Наш карэспандэнт сустракаў воднікаў з Беларусі на тэрыторыі Літвы. Некаторыя з матэрыялаў аб вандроўцы яшчэ будуць надрукаваныя.

Гавораць удзельнікі экспедыцыі

Міхаіл Міхалевіч, Вілейка.

– Для мяне самае цікавае – людзі. Адных цікавяць касцёлы і цэрквы, а мяне тое, хто ў гэтай мясцовасці музыка, хто самы вясёлы чалавек, якія тут традыцыі. І я кожную вольную хвілінку на беразе стараўся для гэтага скарыстаць.

Нам вельмі дапамаглі літоўцы. Асабліва старшыня Таварыства падарожнікаў Літвы Альгіс Юцавічус. Ён сказаў: я вам дапамагу. І ён настолькі адказны, што, калі сказаў, то гэта зробіць. І дзякуючы Альгісу адбываецца сённяшняя вандроўка. Наш літоўскі сябар дапамог з візамі, дапамагае з арганізацыямі стаянак.

Я цяпер проста улюбёны ў Літву, Вільню. Некалі ж была Віленская губерня, дзе жылі мае дзед, прадзед. А цяпер сустрэўся з літоўскімі сябрамі, Вітасам і Альгісам, абняўся, і радасна стала на душы.

Валянціна Лапко, Вілейка.

– Уражанні вельмі добрыя. Найбольш сёлета парадавалі смаргонцы. Яны столькі нам паказалі! Многага мы проста не ведалі.

Па месцах Першай сусветнай вайны нас правёў мясцовы краязнаўца Уладзімір Лігута. Паказаў Залатую Горку, вышыню на берагах Вяллі, за якую ў чэрвені 1916-га года ішлі жорсткія баі, акопы… Лігута паказаў ўвечары свой фільм пра тую вайну, паглядзелі мы і стужку Міхаіла Петуха пра даследніцкую работу па той вайне, якую праводзяць дзеці.

Смаргонцы наладзілі нам добры вечар. Мы бачылі барацьбу рыцараў, маглі пастраляць з лука… Добра правялі час.

Былі ў гасцях у апошняга плытагона, які жыве на Смаргоншчыне, наведалі драўляны касцёл 1765 года ў Вялікіх Свіранах, які адбудавалі за свае грошы мясцовыя жыхары. У папярэдніх экспедыцыях мы гэтага касцёла не бачылі.

Дзмітры Ведзень, Мінск.

Галоўнае, што экспедыцыі адрадзілі турыстычны рух па Вяллі. Вось ён цяпер і ідзе. Цікава, што прыцягнута да экпедыцыі шмат новых людзей, якія раней толькі чулі пра гэты маршрут. Шмат людзей загарэлася ідэяй арганізацыі турызму на берагах Вяллі. Гэта важна.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Чытайце таксама:

«Рэгіяналка» прыехала!

Маладыя ўдзельнікі падарожжа па Вяллі

Падарожнікі па Вяллі – у Літве (папаўняецца)

Што цячэ ў Вілію з трубы каля Рыбакоў?

У Вілію ўпадаюць прамысловыя сцёкі

Начны кінапаказ фільма аб Вяллі