Схільнасці да малявання бацькі заўважылі ў Сяргея яшчэ ў раннім дзяцінстве. Але мастака з сына рабіць не спяшаліся. Сям’я жыла цяжка. Таму хлопца пасля заканчэння школы адправілі вучыцца ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе навучэнцам выдавалі абмундзіраванне, сухі паёк і стыпендыю.

“Нарадзіўся я ў Вілейцы, – успамінае Сяргей Вярбіцкі. – У нас быў свой дом на плошчы Свабоды. У ім і прайшлі дзяцінства, юнацтва. Памятаю бацькавы расказы пра першую імперыялістычную вайну, на якой ён быў лётчыкам. Маці ў вольную хвіліну ўспамінала Дамашы. Вёску ў Маладзечанскім раёне, адкуль была родам. Яе дзявочае прозвішча – Каханоўская. Вядомы беларускі гісторык і краязнавец Генадзь Каханоўскі, які ўсё жыццё прысвяціў роднаму Маладзечанскаму краю, – яе стрыечны брат”.

Вучыўся Сяргей Вярбіцкі ў сярэдняй школе №1. Там і заўважылі настаўнікі, што ёсць у хлопца талент да малявання. Неяк перад Новым годам, а было гэта ў пачатковых класах, намаляваў ён на радасцях у сваім дзённіку руку з куфлем піва і ўнізе напісаў: “З Новым годам!”. Кажа, што ўляцела за такую творчасць і ад класнага кіраўніка, і ад дырэктара. Але не прызнаць таго, што ў дзіцяці ёсць талент, яны не маглі.

Партрэт бацькі Сяргей Вярбіцкі намаляваў пяць гадоў таму.

Толькі не спяшаліся бацькі рабіць з сына мастака. Маўляў, што гэта за работа такая. На кавалак хлеба не заробіш. Таму, параіўшыся, адправілі вучыцца ў спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №16 на трактарыста-машыніста шырокага профілю.

“Па тым часе гэта быў нядрэнны варыянт, – успамінае Сяргей Пахомавіч. – Там апраналі, выдавалі прадукты, плацілі стыпендыю. На гэта ўся сям’я і жыла цэлы месяц”.

Пасля заканчэння вучылішча дырэктар узяў на душу грэх і аддаў хлопцу на рукі дыплом, хаця рабіць гэта строга забаранялася. “На трактар я любога пасаджу, а ты – будзь мастаком”, – сказаў ён на развітанне Сяргею.

Навучэнцам Мінскага мастацкага вучылішча ён стаў без цяжкасцяў. А пасля заканчэння атрымаў нават накіраванне ў інстытут. Толькі вучыцца туды так і не паехаў. Агарнулі сямейныя праблемы, турботы, і ён вырашыў: хопіць, трэба працаваць, зарабляць грошы.

Красны беражок.

Кар’еру сваю пачаў будаваць у родным горадзе, у школе, якую заканчваў сам. Кажа, што запрасіў яго туды на работу тагачасны дырэктар Іван Сільвестравіч Рынкевіч. Ён жа і кватэру маладому, тады ўжо сямейнаму настаўніку, дапамог атрымаць. Праўда, з  агульнай кухняй, але ж сваю.

Вілейка. Цэнтр горада.

“З жонкай я пазнаёміўся можна сказаць, выпадкова, – успамінае Сяргей Вярбіцкі. – Дырэктар інтэрната папрасіў пафарбаваць дах. Сяджу з пэндзлем, бачу, дзяўчына нейкая з чамаданчыкам да дзвярэй інтэрната падыходзіць. Яна і стала пасля маёй жонкай”.

З жонкай Кларай яны пражылі разам 50 гадоў.

Клара акурат у той час закончыла Полацкае педагагічнае вучылішча і прыехала па накіраванні ў Вілейку. Хлопец ёй спадабаўся з першага погляду. Быццам бы адчула, што з гэтым чалавекам пражыве сваё жыццё ў шчасці і згодзе.

“Мы пражылі ў пары 50 гадоў”, – гаворыць Сяргей Пахомавіч і голас яго пачынае прыкметна дрыжаць. “Калі цяжка, не расказвайце”, – шапчу яму.

“Спраўляюся”, – уздыхае мужчына і вядзе мяне са свайго, застаўленага карцінамі пакоя, у вялікую прасторную залу, каб паказаць партрэт жонкі, з адыходам якой у іншы свет, жыццё яго стала раптам нейкім шэрым і бясколерным.

“Гэты партрэт пісаў я сам, – кажа Сяргей Вярбіцкі, – і хачу сказаць, што такіх жанчын, як мая Клара, я больш не сустракаў. Яна была не проста мудрая і добрая жанчына. Для мяне яна была незвычайная. Залатое вяселле мы так і не адзначылі. Жонка якраз у гэты час ляжала ў бальніцы. Я прыйшоў да яе з вялікім букетам руж і спадзяваннем у душы, што ўсё будзе добра, усё наладзіцца. Аднак лёс распарадзіўся інакш”…

    Сяргей Пахомавіч кажа, што яны практычна ніколі не сварыліся. Так, спрачаліся па якіх-небудзь пытаннях. Бывала, праўда, жонка часам раўнавала. Да карцін, над якімі ён праседжваў да самай раніцы.

“Спецыяльнага памяшкання пад майстэрню ў мяне не было, – успамінае мастак. – Таму маляваў у падвале. Бывала “зацягне” так, што да раніцы не магу пакласці пэндзаль. Ведаеце, я яшчэ ў маладосці зразумеў, што тады толькі жыву, калі малюю”.

Ён устае, павольна пачынае расстаўляць ля сцяны свае карціны. На адной бачу цэнтр Вілейкі: касцёл, царкву, жанчыну, якая ідзе па дарозе. Другая пераносіць ў Ніжні парк, дзе велічна стаяць па-летняму зялёныя дрэвы. Тут жа партрэт мастака Нікадзіма Сілівановіча, Красны Беражок, Старое рэчышча ракі Віліі, вялікі букет фіялетава-сіняга бэзу. “Колькі вам часу патрэбна, каб напісаць карціну?” – пытаюся ў мастака. “Усё залежыць ад настрою і ад таго, як пойдзе, – кажа ён. – З адной можна справіцца за тры дні, над другой працаваць тыдзень”.

З гадамі ён стаў пісаць менш. Кажа, што і здароўе не тое, і прыстроіцца з мальбертам і фарбамі асабліва няма дзе. З вясны да восені творыць на балконе. Зімой – зрэдку ў кватэры. За што б ні браўся, стараецца рабіць з душой. Бо змоладу не любіць халтуры. Работа павінна прыносіць задавальненне. Чалавек павінен любіць тое, што робіць.

Таму і адмовіўся ён, адпрацаваўшы два гады інструктарам ў райкаме партыі, ад сваёй пасады. А калі спыталі, чаму прыняў такое рашэнне, так і сказаў: “Я не партыйны работнік, я – мастак”.

Зараз Сяргей Пахомавіч жыве разам з сям’ёй унука Максіма. Кажа, што не хораша хлопцу здымаць кватэру і туліцца па чужых кутах, калі дзед мае трохпакаёўку. Ды і самому весялей. Ёсць з кім загаварыць, каго з работы чакаць, з кім чаю папіць.

З жонкай Кларай яны вырасцілі траіх дзяцей, дачакаліся праўнукаў. Іх дачка Жанна жыве ў Вілейцы, сын Аляксандр у Канадзе, Ала – у Мінску. Яна пайшла па бацькавых слядах. Працуе мастаком-бутафорам у Рускім тэатры. Бацька кажа, што любіць іх і перажывае за ўсіх адразу. Бо, нягледзячы на свой узрост, яны ўсё адно застаюцца для яго дзецьмі. І іх праблемы – гэта яго праблемы, іх радасці – яго радасці.

Марына СЛІЖ.

Фота аўтара.