Сваімі кумірамі яна называе Зыкіну і Шуміліну. У 13 гадоў пачала сачыняць музыку і пасля атрымала званне стэпендыянта фонда пры падтрымцы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А ў 17 гадоў стварыла аднаактную камерную оперу.

Музыка для Вольгі Воінскай – яе дарога і яе лёс.

Выкладчык дзіцячай музычнай школы, кампазітар і спявачка Вольга Воінская і цяпер здзіўляе навакольных сваімі праектамі і ідэямі. Музыкант адказала на пытанні карэспандэнта моладзевай рэдакцыі “РГ”.

— Вольга, калі ты вырашыла стаць музыкантам?

— Займацца музыкай я марыла з ранняга дзяцінства. Яшчэ двухгадовай спрабавала нешта спяваць. У  шэсць гадоў паступіла ў музычную школу па класе фартэпіяна. Вельмі падабалася вучыцца ў цудоўных настаўнікаў, з якімі цяпер мы калегі. Мне і зараз прыемна адчуваць іх падтрымку.

Пасля восьмага класа, здаўшы экзамены за дзевяты клас экстэрнам, стала студэнткай музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага. Маім  педагогам была Ганна Васільеўна Спіранская. На жаль, нядаўна яна пайшла з жыцця. Мне шчасціла сустракаць на сваім шляху светлых, спагадлівых і ўважлівых людзей.

— Ты не толькі выкладчык дзіцячай музычнай школы, а яшчэ і кампазітар. У якім стылі ты працуеш?

— Я не выдзяляю любімых музычных жанраў. Проста раблю тое, што падабаецца. Напісала камерную оперу “Каін” на сцэнарый беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка. Спадабаўся сюжэт, дзе ярка супрацьпастаўлена дабро і зло. Затым  сачыніла сімфонію. Пісала кампазіцыі для флейты, скрыпкі, віаланчэлі.

— Ты заканчвала інстытут культуры адразу па дзвюх спецыяльнасцях…

— Так, я вучылася на аддзяленні фартэпіяна і саксафона. Паспяхова скончыла інстытут. Працую па спецыяльнасці. Больш развіваю сябе і свае навыкі ў музыцы. Лічу, што сапраўдны таленавіты кампазітар павінен умець сачыняць музыку для любога інструмента.

— Успомні самыя значныя і яркія моманты тваёй музычнай дзейнасці.

— Па-першае, гэта перамогі як аўтара-выканаўцы і бэк-вакалісткі ў  конкурсах “Зоркі Маладзечна”, “Зорны час”. З гонарам успамінаю выступленні ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў Палацы Рэспублікі. Але больш значнымі для мяне з’яўляюцца звычайныя канцэрты ў розных кутках Беларусі, якія мы праводзім разам з сябрамі. У асноўным спяваем беларускія песні і такім чынам хочам данесці людзям прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы, значнасць беларускай культуры.

— А ці ёсць час адпачываць?

— Люблю актыўны адпачынак. Напрыклад, зімой пагуляць у снежкі з блізкімі – што можа быць лепш? Менавіта так чалавек адкрываецца для творчасці.

— А якія планы на будучыню?

— Я цвёрда вырашыла, што музыка – мая дарога і мой лёс.  Рада, што ёсць каму перадаць свае веды і навыкі. Я вельмі люблю сваіх вучняў.

Таццяна БАЖКО, моладзевая рэдакцыя “РГ.

Фота Таццяны БАЖКО.