Некалькі тыдняў таму давялося быць ў Ашмянах, дзе праходзіў рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”. Што ўразіла? Гасціннасць мясцовых людзей.

Аўтобус з маладзечанскімі канкурсантамі ўехаў у горад. “На якой вуліцы Дом культуры?” – спытаў вадзіцель аўтобуса. І ў салоне адразу ж павісла цішыня. Аказалася, што ніхто з прысутных не можа зарыентавацца і падказаць, як ехаць. Спыніліся ля групы маладых людзей, што стаяла пад шатамі дрэў недалёка ад дарогі.

“Прама, пасля…”, — пачаў тлумачыць малады хлопец. Затым нейкую секунду падумаў, ускочыў на падножку аўтобуса і прапанаваў: “Едзем, я пакажу!”

Здавалася б, нічога незвычайнага ён не зрабіў. Проста паказаў незнаёмым людзям дарогу. Але, прызнаюся, прыемна было, што чалавек, які выправіўся ў горад па сваіх справах, не пашкадаваў часу і вырашыў дапамагчы, як ён сам сказаў, гасцям.

Дзень у час конкурсу выдаўся гарачы. Сонца пякло няшчадна. “Вы перанясіце сваё крэсла ў цень”, — параіла жанчына, што сядзела ззаду за мной. І тут жа шыкнула на хлопцаў, якія ў час канцэрта штосьці гучна пачалі абмяркоўваць: “Вядзіце сябе прыстойна, журналісты – нашы госці!”

Не скупіліся на ўсмешкі арганізатары свята, прадпрымальнікі, што гандлявалі ў скверыку ля Дома культуры, прадаўцы ў магазінах. Ды і сярод мясцовых жыхароў знайшлі за дзень шмат сяброў. “Вы адкуль, з якой газеты?” – пытаецца ў мяне жанчына, што сядзіць побач у скверыку. “З “Рэгіянальнай”, у Маладзечне мы выходзім”, — тлумачу ёй. “Ой, дык гэта ж мой горад таксама, — радуецца яна. – Я там нарадзілася, а замуж вось выйшла ў Ашмяны. Мая сястра жыве ў Валожыне. Сваякі – у Вілейцы. Так што радня ў мяне – па ўсім рэгіёне. Вось і на фестываль з мужам і ўнучкай прыйшлі. Раптам каго свайго ўбачым. Яна ў мяне хоць маленькая, але ўжо танцорка. Нядаўна ў Маладзечна на конкурс пасылалі. Перамагла!”

Сям’я Марыны і Уладзіміра Лукашэвічаў з Ашмянаў, дзе нарадзілася чацвёра дзетак, вядомая на ўсю краіну. Віншавала шчаслівых бацькоў, не раз расказвала пра маленькіх Кірыла, Карыну, Вадзіма і Ірыну і наша газета. Багата часу прайшло з таго дня, калі сустракаліся ў апошні раз. А я ўсё яшчэ не магу забыцца твары шчаслівай мамы, бабулі і прабабулі. Дзве гадзіны ў іх кватэры праляцелі як адна хвіліна. І ўсю дарогу дадому я думала пра мудрасць і гасціннасць гэтых людзей. Не адчувалі мы ў іх сябе чужымі. І яны гаварылі з намі як з роднымі, сваімі.

“Каб не здрадзіць бацькаўскаму следу, Беларусь у сэрцы берагчы, па гасціннасць я ў вёску еду, хата зоркай свеціць мне ўначы”, — пяецца ў адной вядомай песні, пад кожным радком якой магу падпісацца. Бо сама вырасла ў вёсцы і ведаю, як у нас любяць гасцей і ўмеюць іх сустракаць.

Дзяўчына са сталіцы прыехала ў сельскую мясцовасць на працу. У канторы далі ключы ад пустуючага дома. Маўляў, прыбярыся крышку, ды жыві. Села на лаўку ля стала, заплакала. “Тут-тук”, — пастукаў нехта ціхенька ў дзверы. І на парозе з’явілася невысокая бабулька. “Бяры сумкі, ідзём да мяне, — паклікала яна дзяўчыну. – Будзеш тут гараваць у пустой халоднай хаце, як сірата. А навошта ж, калі я ў цябе ёсць”…

Марына СЛІЖ.