У дзесяць гадоў бацька падарыў яму падзорную трубу. З таго часу хлопчык стаў узірацца ў неба і марыць пра сваю абсерваторыю, у якой зробіць адкрыцці. Цяпер Івану Сяргею 34 гады. У яго 13 адкрыццяў, якія адносяцца да вобласці пераменных зорак і ўпэўненасць у тым, што чалавек павінен займацца тым, чым хоча.

Тэлескоп вячэру не прыгатуе, затое падорыць незямную асалоду ад сузірання Сусвету.

Вы часта глядзіце на зоркі? І калі часта, то што спрабуеце сярод іх разгледзіць? Дзіўна, але нямала ў свеце людзей, якія лічаць далёкія маўклівыя зоркі найлепшым суразмоўцам, гатовым дапамагчы  адказаць на пытанні   адкуль  мы тут, навошта, і куды потым, пасля жыцця,  трапім.
Свае пытанні  вырашае з дапамогай недасягальнай касмічнай велічы і 34-х гадовы  маладзечанец Іван Сяргей. Каардынатар Міжнароднай Метэорнай арганізацыі па Рэспубліцы Беларусь, стваральнік Беларускай Сеткі назіральнікаў метэораў, член Еўразійскага астранамічнага супольніцтва “АСТРО”, удзельнік еўрапейскай групы радыёназіральнікаў за метэорнымі патокамі RMOB, а таксама Міжнароднай каметнай асацыяцыі, член Амерыканскай асацыяцыі назіральнікаў за пераменнымі зоркамі, пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных астранамічных форумаў і канферэнцый…
А  пачалося ўсё з таго, што бацька падарыў Івану на 10 гадоў звычайную падзорную трубу. З таго часу і пачаў набіраць хуткасць зорны палёт жыцця. Хлопчык марыў, што ў яго з’явіцца цэлая абсерваторыя, а пакуль займаўся ў звычайнай кватэры. Па мапе неба ён спрабаваў знайсці сузор’і, а бацька, заўважыўшы прыхільнасць сына да зорак, выпісаў яму часопіс “Зямля і Сусвет”. Так супала, што ў  часопіс якраз у гэты час праводзіў конкурс творчых прац “Малы Інтэркосмас”, на які маленькі Іван даслаў малюнак касмічнага карабля.

Дзіцячая мара пра абсерваторыю ўвасобілася толькі на 70%.

Так у 1988 годзе ў Калузе, дзе праходзіў конкурс, мастацкую фантазію хлопчыка ацаніў  Канстанцін Цыркун, які і пазнаёміў маладога аматара з  кіраўніком астранамічнага гуртка Рэспубліканскага Цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Іванам Бруханавым.
“Гэта вядучыя спецыялісты Рэспублікі Беларусь у вобласці астраноміі. Знаёмства з імі, напэўна, і вызначыла мой лёс. Іван Сяргеевіч даў веды, якія дазволілі займацца навукай, а таксама распаліў маю цікаўнасць да касмічных пошукаў, – гаворыць Іван з удзячнасцю. – А зараз мы разам каардынуем  назіранні за пераменнымі зоркамі і метэорнымі патокамі ў Беларусі, Расіі, Украіне і Казахстане, разам ездзім на навуковыя канферэнцыі. Выходзіць, наша жыццё  – сукупнасць выпадковасцяў. Калі б мне не выпісалі часопіс, калі б не даслалі запрашэнне да Бруханава, хто ведае, ці былі б у мяне адкрыцці. Бо ўсе мае трынаццаць адкрыццяў адносяцца да вобласці пераменных зорак, і менавіта мой настаўнік даў мне веды ў гэтай вобласці”.  
Нягледзячы на поспехі  ў вывучэнні нябесных цел, Іван і не збіраўся паступаць на астранамічны факультэт. А пайшоў ён у  ПТВ №87, каб атрымаць спецыяльнасць слесара. Бацькі ніколі не перашкаджалі сыну шукаць шчаслівыя зоркі свайго лёсу, аднак жадалі, каб зарабляў ён дастаткова для зямнога жыцця, разумна разлічыўшы, што тэлескоп вячэру не згатуе.  Потым напаткала служба ў арміі, вучоба на інжынера-механіка, якую ён на трэцім курсе кінуў. Кажа, на той час душа да гэтага не ляжала:
– Я наогул не вельмі  разумею сістэму нашай адукацыі. Вучаць па нейкіх праграмах, а чаму тая праграма менавіта такая? І ніхто гэтага не ведае. Да таго ж, у навучанні пераважае ўвага да тэорыі. Чаму? Што мне дасць тое, што я ведаю, як нешта зрабіць, але зрабіць не змагу? Таму я больш прыхільны да самаадукацыі. Сядзіш сабе дома на ўтульнай канапе і выбіраеш  інфармацыю. Нават у бібліятэку можна не хадзіць з сучаснымі тэхналогіямі.
– Але самаадукацыя патрабуе волі і ўмення кантраляваць сябе, – пярэчу я.
– Галоўнае, каб было цікава. Тады чалавек возьмецца за справу з ахвотай і закончыць яе з задавальненнем. Я лічу сябе шчаслівым, мая дзіцячая мара аб абсерваторыі  ў асноўным спраўдзілася, усё, чым я займаюся, мяне вабіць.
– А чым Вы яшчэ займаецеся, акрамя астраноміі?
– Я працую на паркетнай фабрыцы,  там зручны для мяне графік: два дні працую,  два дні дома. Замацоўваю будынак сваёй абсерваторыі. Вырашыў, што размясціць яе за горадам, у двары сваіх бацькоў, будзе найлепшым варыянтам.  Пабудова абсерваторыі абышлася мне ў 3000 долараў, а кошт усёй апаратуры складае сем тысяч. Тут за ёй заўсёды прыглядаюць, а ў знак удзячнасці я дапамагаю па гаспадарцы.  
У будаўніцтве быў перапынак два гады, я тады захапіўся дрэваапрацоўкай. У гэтай справе, як і ў астраноміі, майстроў з Беларусі адзінкі. Спачатку ў мяне нічога не атрымлівалася, але потым справа пайшла. Я пачаў вывучаць, як з прыродных матэрыялаў зрабіць пэўны колер, ездзіў па розных мясцінах у пошуках мудрагелістых складнікаў зелля, і так пачаў займацца фатаграфіяй. Я і раней супрацоўнічаў з некалькімі фотабанкамі, прапаноўваў здымкі космасу, але цяпер пачаў фатаграфаваць зямныя рэаліі. У асноўным, гэта пейзажы, дзікая прырода.
Таксама вучуся цяпер у Мінску на курсах па спецыяльнасці “Рамонт камп’ютараў і офіснай тэхнікі”. У майго дзядзькі Леаніда вопыт рамонту бытавой тэхнікі каля 40 год. Ён доўгі час працаваў на нашым заводзе “Спадарожнік”. Дзядзька дапамагае мне не толькі  парадамі, але і рамантуе для мяне, бо ў мяне пакуль не ўсё атрымліваецца. На мой погляд, чалавек павінен вучыцца ўсё жыццё.
– Астраномія – гэта навука, у якой колькасць аматараў значна пераважае колькасць прафесіяналаў.  З чым гэта звязана?
– Прафесіяналаў сярод астраномаў усяго свету каля пятнаццаці тысяч, а зорак столькі, што немагчыма ўявіць такую лічбу. Да таго ж, прафесіяналы звычайна імкнуцца зазірнуць як мага далей, а што робіцца пад носам, іх цікавіць мала. Таму і бяруцца  аматары за гэтае неабсяжнае поле дзейнасці.
Асабіста я займаюся назіраннем і даследаваннем пераменных зорак і метэорных патокаў. Зоркі называюцца пераменнымі, калі заўважаецца змена  іх бляску з-за пэўных фізічных працэсаў каля іх. Дастаткова аднойчы атрымаць надзейныя дадзеныя аб зменах, каб аднесці зорку да пераменнай. Метэорныя патокі, іх  яшчэ называюць зорным дажджом, – гэта сукупнасць метэораў, якія ўзнікаюць з-за пранікнення ў
атмасферу Зямлі  рою метэорных цел.
Працую я наступным чынам. Настройваюся на FM-станцыю, якая не чуецца ў нашай мясцовасці, але добра гучыць на захадзе. Выбіраю станцыю, якая  працавала б 24 гадзіны ў суткі, і каб была магчымасць другой станцыі падхапіць сігнал у выпадку непаладак. Сігналы ад радыёназіранняў добра распаўсюджваюцца і адлюстроўваюцца электроннымі стаўбамі, што ўтвараюцца з-за згарання ў атмасферы метэорных целаў.
Перавага радыёназіранняў у тым, што на іх якасць не ўплываюць умовы надвор’я. Так у мяне працуе камера, яна падключана да камп’ютара. Я адпачываю, а тэхніка робіць сваю справу. Пасля я праглядаю дадзеныя сігналаў і будую графік. Каб пабудаваць графік за месяц, патрэбна прагледзець каля 23 000 спектраграм. А каб прагледзець відэаролікі за ноч, траціцца каля сарака хвілін.  
З гэтага графіка мне бачная актыўнасць вядомых метэорных патокаў, а таксама можна знайсці ўсплёскі новых. Па выніках відэаназіранняў можна вызначыць раёны неба, адкуль метэоры вылятаюць. Але гэта патрабуе ўседлівасці, бо праца дастаткова манатонная. Таму я хачу ўдасканаліць апаратуру, каб апрацоўку аўтаматызаваць. Таксама ёсць ахоўная відэакамера, якая здымае ўсё з’явы неба. Так я маю дадзеныя за месяц па радыё і па відэа, а потым вельмі зручна іх аналізаваць у сукупнасці. Мой парк камер пастаянна развіваецца, таму я і вучуся рамантаваць тэхніку, каб была магчымасць спакойна выкарыстоўваць прафесійную апаратуру, бо ў будучым планую набыць яшчэ пяць ці шэсць камер.
– Наколькі істотнай падзеяй было стварэнне вамі Беларускай сеткі назіральнікаў метэораў  у красавіку 1996 года?
– Спачатку гэта было надзвычай важна. Справа ў тым, што да яе стварэння беларускія астраномы-аматары дадзеныя па сваіх даследаваннях дасылалі ў Міжнародную метэорную арганізацыю (ММА), але гэтыя дадзеныя былі ў розных фарматах і несістэматызаваныя. Зразумела, што ММА было цяжка імі карыстацца. Тады я і прапанаваў стварыць адзіную  базу для ўсёй Беларусі. Я стаў кіраўніком і кардынатарам нашай сеткі. Мае трынаццаць адкрыццяў надрукаваныя ў маскоўскім часопісе “Пераменныя зоркі”, ёсць надрукаваныя даследаванні ў матэрыялах міжнародных канферэнцый у Адэсе. Праводжу пошукі новых пераменных з дапамогай 200-мм тэлескопа і з дапамогай электроннай базы архіваў сеціва. Вывучаю маладаследаваныя зоркі, праводжу фатаграфічныя назіранні метэораў з дапамогай люстраной лічбавай камеры Nikon D60. Вось такія асабіста мае дасягненні. Нямала іх і ў іншых удзельнікаў сеткі, але на сённяшні дзень сярод яе ўдзельнікаў мала засталося актывістаў. Фінансаванне нам не ідзе, а на голым энтузіязме доўга не працягнеш.

– Эйнштэйн казаў, што праз вывучэнне Сусвету ён паверыў у існаванне бога. А ці верыце ў бога Вы?
– Не хачу кранаць рэлігійныя пачуцці чытачоў, аднак  любая сучасная царква падаецца мне схемай, створанай для найбольш зручнага кіравання прыхаджанамі. Гэта тое самае навязванне стэрэатыпаў, якое акружае  грамадскага чалавека.  Размеркаванне абавязкаў паміж мужам і жонкай такім чынам, што я зарабляю, а яна гаспадарыць – а чаму так? Чаму гаспадарыць жанчына? Чаму людзі ходзяць за сотні кіламетраў, каб пакланіцца машчам якога-небудзь святога? Яны, па сутнасці, пакланяюцца трухлявым касцям, і атрымоўваецца, што рэлігія – гэта культ смерці. У такога бога я не веру.  Што было б, калі не ўцелавіўся б Хрыстос, не прасвятлеў Буда, не нарадзіўся Магамед? А нічога асаблівага. Людзі верылі б у некага іншага. А што адбылося б, калі б раптам знікла Сонца? Сонца дорыць нам світанне, цяпло,  жыццё і веру ў будучыню.  У яго я і веру, бо гэта пакланенне жыццю і прыгажосці. Таму можна сказаць, што я ў некаторай ступені  паганец.
– А што гавораць суседзі пра Вашу абсерваторыю?
– Ды што толькі не гавораць! На першым узроўні раней стаяў дрэваапрацоўчы станок, і калі я яго ўключаў, то ўвесь будынак пачынаў вібрыраваць з вельмі моцным гукам. Ну і тады пачалося! Нехта цікавіўся, калі ўжо я выпушчу ў космас свой “Шатл”, некаму хацелася паўдзельнічаць у выпрабаваннях майго ўяўнага касмічнага карабля. Я таксама паджартоўваў, што там  яшчэ ўглыбіню шахты на дзесяць метраў. Да таго ж, да мяне часта прыязджаюць паглядзець на зоркі, і гэтыя падзеі таксама нараджаюць цікавыя меркаванні. Ніхто не мог уцяміць, што гэта за пабудова такая дзівацкая.  Давайце я вам пакажу.
Ідзём на вуліцу. Вялікі агарод, па якім важна ходзяць певень, коцікі, сабака. Маці Івана, Эва Сцяпанаўна, вядзе ў хлеў тры казы. Пытаюся, ці не шкадуе, што падарылі некалі сыну падзорную трубу. “Не, ні ў якім разе! Праўда, гэта была ідэя майго мужа. Гэта ж вельмі цікава. Часам ён і мяне запрашае ў сваю абсерваторыю. Ваня – мой першы сын, яшчэ двое маладзейшых. Праўда, апошнюю дачушку хацелі. А вось у каго наш Ваня ўдаўся, мы не ведаем. Калі мая ўнучка прыязджае, то таксама любіць з ім разглядаць неба. Глядзіце, ён пра зоркі можа бясконца расказваць. Зрэшты, у кожнага павінна быць нейкае захапленне, тады і жыццё будзе цікавае.” Заходзім у будынак. Падымацца страшна, бо лесвіцы без поручняў. Іван неяк адразу разнявольваецца.

Бацькі ніколі не перашкаджалі Сяргею захапляцца зоркамі і даследаваць іх.

– Вам калі-небудзь даводзілася знаходзіць у небе аб’екты, якія наводзілі б на думку аб існаванні іншапланецян?
– Я займаюся навукай, а навукоўцы не любяць правакаваць сябе такімі пошукамі. Ёсць спецыяльная арганізацыя па зборы інфармацыі аб анамальных з’явах, яны часам просяць у мяне фотаздымкі з нечым незразумелым. Так, я часам бачу ў небе штосьці такое, чаму не магу даць тлумачэнне, але настойваць на іншапланецянах я таксама не буду. Сусвет хавае столькі таямніц, што спасцігнуць іх чалавек наўрад ці здолее. Можна толькі імкнуцца да гэтага, але  дасягнуць немагчыма.
– У старажытнасці казалі, што чалавек, які не разумее будову нашага свету, не зможа знайсці свае месца ў ім. Вы знайшлі свае месца?
– Хутчэй за ўсё, знайшоў. Я ведаю, чым  хачу займацца. І я проста займаюся гэтым. Напэўна, рухавік чалавека – яго цікаўнасць. Чалавек – такая істота, якой неабходна ўсё ведаць і вывучаць, шукаць новыя ўражанні. Магчыма, у мяне гэтая цяга да новага крыху большая, чым у большасці людзей. Калі я знаходжуся ў абсерваторыі, маё мысленне адразу мяняецца, думкі плывуць у новых кірунках, мой розум наведвае такое, да чаго я ніколі не дадумаўся б на зямлі. Тут я нібы маладзею, таму і кажу заўсёды: каб не старэць душой, часцей глядзіце ў неба!
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота аўтара.