Мне ўвесь час хацелася сфатаграфаваць дзятла на “кузні”. Гэта такое месца, дзе птушка ў зімовы час корміцца насеннем хвойных дрэў, выдзёўбваючы іх з шышак.

Вялікі стракаты дзяцел за работай.

Звычайна дзятлы ўладкоўваюцца на вышыні. І ўсё, што ты можаш убачыць знізу, гэта дробнага памеру птушка. Бывае, што лясны доктар ладзіць “кузню” адносна невысока, але сфатаграфаваць яго ўсё адно цяжка. Ён пачынае хавацца за ствалы дрэў, гуляць у хованкі, і ў канчатковым выніку пакідае дрэва, так і не падарыўшы свой партрэт. Я ўжо пачаў думаць, ці не пашукаць мне гатовую “кузню” і перанесці яе да якога-небудзь укрыцця. Але выпадак падказаў іншы шлях.

Дзяцел прыляцеў па шышку.І якая ж тут самая смачная?

Побач з маім домам расце алея звычайных елак. Неяк заўважыў, што час ад часу яе наведвае дзяцел, заяўляючы пра сябе рэзкім крыкам “кік-кік-кік”. У бінокль сачыў за ім дзесьці паўгадзіны, і ў старым садзе, літаральна побач з яловай алеяй, заўважыў тры “кузні”. Дзве з іх былі ў густых кронах, непрыдатных для фотаздымкі. Таму я закрыў іх рознымі анучамі. А вось трэцяя размясцілася проста ля пчалінага павільёна. Гэта было ідэальнае для мяне месца. Укрыццё, плюс да ўсяго з акном, якое адчыняецца.

Снежная ванна.

Ідэя спрацавала. Неяк днём дзяцел з шышкай заляцеў на адну са сваіх “кузняў”, заўважыў там незразумелыя прадметы і, перамясціўся на другую. Я ўжо чакаў яго, асцярожна прасунуўшы аб’ектыў у прыадчыненае акно. Нічога падазронага не заўважыўшы, дзяцел устанавіў яловую шышку ў выемку, якая ўтварылася пасля таго, як адламалася галінка дрэва. Лускавінкі пачаў раскрываць знізу, умела дастаючы насенне, хутка дайшоў да верху.

Папрацаваў, цяпер адпачну.

Гэта быў прыгожы самец вялікага стракатага дзятла, з чырвонай шапачкай на патыліцы. Спераду над дзюбай выдзялялася плямка бэжавага колеру, на першы погляд дастаткова непрыкметная. Ніжняя частка жывата птушкі была афарбаваная ў ярка-чырвоны колер, што надавала асобую колеравую расфарбоўку на фоне ўсяго чорна-белага на крылах і з сіняватым адлівам чорнага апярэння спіны. Мне ён вельмі нагадваў чалавека ў фраку часоў 19 стагоддзя.

Дзяцел скончыў разбіраць адну шышку, паляцеў за другой. Праз акно я бачыў, як ён, учапіўшыся кіпцюрамі за сваю здабычу, ударамі дзюбы перабіваў чаранок амаль да канца, а затым, перабраўшыся на галінку, адрываў яе дзюбай і ляцеў на “кузню”. Новую шышку ён устаўляў паміж сценкай кузні і адпрацаванай шышкай, і толькі пасля гэтага выкідваў старую.

На выдаленне насення патрабавалася хвілін 7-10, пры гэтым дзяцел перыядычна паварочваў яе па восі. Сам жа, каб не зваліцца, моцна трымаўся дзвюма лапамі, апіраючыся на пер’е хваста. Такая поза дазваляла яму наносіць вельмі моцныя ўдары па шышцы.

Некалькі дзён я назіраў за дзятлам, які прылятаў, як па графіку, дзесьці ў гадзін дзесяць раніцы і мог карміцца да самага вечара. Зыходзячы з такіх назіранняў, можна меркаваць, што зімовы рацыён вялікага стракатага дзятла складаецца з насення хвойных дрэваў нашых лясоў – елкі і сасны. Некалькі разоў, калі дзятла не было, прылятала самка і займала ягонае месца на “кузні”. Праўда, ён яе адтуль праганяў.

Дзяцел зімой жыве адзін, ствараючы пару толькі на гнездавы перыяд. Вядомы выпадак, калі трымалі ў клетцы некалькі дзятлаў, і самка забіла самца, дзюбай разбіўшы кавалеру галаву.

Мой дзяцел перастаў прылятаць дзесьці ў канцы красавіка, калі амаль усе шышкі раскрыліся ад веснавога цяпла, і насенне парашутам павылятала з іх  на зямлю. У гэты час у птушкі пачаўся гнездавы перыяд, на час якога ўтвараюцца пары для вывядзення патомства.

У час зімовых назіранняў за дзятлам калі-нікалі выпадаў снег. Птушка любіла яго паесці ці проста на галінцы прыняць у ім ванну, купаючыся як вераб’і ў пяску. Былі выпадкі, калі шышка падала на зямлю. Тады дзяцел злятаў на зямлю, і ўзяўшы яе дзюбай, падымаўся па ствале назад. Учапіўшыся кіпцюрамі перад “кузняй” і абапёршыся на хвост, ён дзюбай выкідваў са шчыліны апрацаваную шышку.

Назіраць за такімі маніпуляцыямі з адлегласці 10 метраў было даволі цікава. Ты прысутнічаеш пры ўсіх гэтых дзеяннях і як бы ўдзельнічаеш у іх, гледзячы на гэта праз аб’ектыў. Самае цікавае, што наступнай восенню, дзесьці ў канцы кастрычніка, мой знаёмы дзяцел зноў прыляцеў да мяне. Я якраз прыбіраў у двары апалае лісце, як пачуў рэзкія крыкі дзятла. Даволі хутка ён праверыў, што на елках ёсць шышкі і зноў пачаў іх зрываць і лятаць на “раздзелку” ў сваю “кузню”.

Гэтаму я ўзрадаваўся. Як і таму, што мой дзяцел прабавіць зіму побач са мной, весела пастукваючы кожны дзень у сваёй кавальскай майстэрні.

Віктар КАЗЛОЎСКІ,

Фота аўтара.