Смаргонь – Камунальнік (Слонім) – 1:1. Верас (Нясвіж) – Смаргонь – 3:1.

У чатырнаццатым і пятнаццатым турах чэмпіянату Беларусі ў першай лізе футбольны клуб “Смаргонь” дома 7 ліпеня згуляў унічыю са слонімскім “Камунальнікам”, а 11 ліпеня саступіў у гасцях нясвіжскаму “Верасу”.

“Гульня ў сераду ў Смаргоні хутчэй нагадвала не футбол, а воднае пола, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” наш футбольны эксперт, балельшчык Мікалай Кіндра. – Дождж ішоў у першым тайме, у перапынку пайшоў лівень, які крыху сціх на пачатку другога тайма, а пасля паліў з новай сілай”.

Па словах Мікалая Кіндры, нашы землякі ад пачатку гульні мелі вялікую перавагу. Яна ўвасобілася ў гол пасля паветранай падачы з левага фланга Мікалая Фастава, якую галавой замкнуў Дзмітры Вярстак. Нашы не ўтрымалі перамогу. Напрыканцы першай паловы гульні госці адыграліся ўдарам у ніжні вугал з-за межаў штрафной пляцоўкі.

У перапынку ліў такі дождж, што інспектар матча выйшаў на поле, каб паглядзець, ці варта працягваць сустрэчу. Усё ж вырашылі гульню прадоўжыць. Але яна мала чым нагадвала футбол. Мяч вязнуў у вадзе на траве. Нізам гуляць было немагчыма. Сапернікі закідвалі мяч па паветры ў штрафныя, але “вымучаць” перамогу не здолелі ні гаспадары, ні госці. 1:1.

Пасля “дажджавой” гульні смаргонцы згулялі “спякотную”. Тэмпература паветра ў Нясвіжы была больш за 30 градусаў. І нашы футбалісты, па словах Мікалая Кіндры, былі непадобныя самі на сябе. Усе тры галы ўляцелі ў нашы вароты пасля левых флангавых прастрэлаў. Гаспадары адкрылі лік на 28 хвіліне, праз пяць хвілін падвоілі яго. На 41 хвіліне Аляксандр Лужанкоў ударам з лініі штрафной пляцоўкі адыграў адзін мяч. Але не больш за тое. У другой палове гульні нападаючы “Нясвіжа” паставіў канчатковую кропку ў сустрэчы – 3:1.

На гэтым скончыўся першы круг чэмпіянату ў першай лізе. У гэтую нядзелю смаргонцы праводзяць матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі. Дома прымаем мінскае “Дынама”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля першага круга:*

1. Гомель            37

2. Граніт             29

3. СКВІЧ             28

4. Рудзенск         25

5. ДСК                25

6. Верас              21

7. Баранавічы      20

8. Хімік                20

9. Смаргонь             19

10. Полацк           18

11. Белкард          17

12. Хваля              17

13. Славія-Мазыр  16

14. Камунальнік    12

15. Ведрыч-97       8

16. Ліда                7

* “Гомель”, СКВІЧ, “Баранавічы” і “Белкард” правялі на адну гульню менш.