Адным з пытанняў, узнятых на прэс-канферэнцыі старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, было забеспячэнне жыхароў Валожына гарачай вадой. “Рэгіянальная газета” сочыць за развіццём падзей.

Рамонт цэнтральнай кацельні павінны завяршыцца да канца 2010 года. Пра гэта 14 ліпеня “РГ” расказаў намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Іосіф Ляшкевіч.

Кацельня, якую цяпер рамантуюць, будзе забяспечваць Валожын цяплом. Яна можа падаваць і гарачую ваду, але для гэтага патрэбны кацёл меншай магутнасці. Бо выкарыстоўваць для гарачага водазабеспячэння “цеплавы” кацёл немэтазгодна.

У горадзе ёсць камунікацыі для цэнтралізаванай падачы гарачай вады, але яны патрабуюць значнага рамонту. Трэба ўсталяваць у кожным доме цеплаабменнікі (стаякі), пракласці трубы там, дзе іх няма, замяніць тыя, што ёсць. Па словах Іосіфа Ляшкевіча, іх ніколі не эксплуатавалі і працэнтаў 80 з іх трэба мяняць.

Каб цэнтралізавана падаваць гарачую ваду ў кватэры валожынцаў, трэба зрабіць значны рамонт.

Усё гэта патрабуе немалых грошай, якіх у жылкамунгаса, па словах галоўнага інжынера “Валожынскага жылкамунгаса” Ігара Ляшкевіча, няма: “Мы будзем старацца ўвайсці ў якую-небудзь праграму, пажадана рэспубліканскую, паколькі на арганізацыю цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння патрэбныя вельмі вялікія сродкі”.

Паводле яго слоў, на сёння крыху больш за 700 кватэр (у мікрараёне Сельгастэхнікі) маюць гарачую ваду круглы год. Жыхары прыкладна 1500 кватэр набылі сабе воданагравальнікі, газавыя або электрычныя. “Амаль усе жыхары астатніх мікрараёнаў маюць награвальнікі”, — сказаў Ігар Ляшкевіч.

Без гарачай вады застаюцца 326 кватэр з “нядобраўпарадкаванага жыллёвага фонду”.

Цяпер супрацоўнікі “Валожынскага жылкамунгаса” абследуюць наяўнае абсталяванне. Таксама належыць апытаць усіх уласнікаў награвальнікаў, ці згодныя яны перайсці на цэнтралізаванае забеспячэнне гарачай вадой. “Яны ж могуць і не пагадзіцца. Што ж мы – сродкі ўкладзём, а людзі потым адмовяцца?”, — сказаў Ігар Ляшкевіч.

“Рэгіянальная газета” вернецца да гэтай тэмы пасля завяршэння абследавання і апытання жыхароў шматкватэрных дамоў.

Святлана ЦІШКО.