Тыдзень у шведскім Гётэборгу правяла карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ”. У гэтым горадзе ад 27 чэрвеня да 4 ліпеня праходзіў міжнародны лагер “Rikslager 2010” моладзевага аб’яднання “Маладыя арлы”.

Палатачны лагер аб’яднаў больш за 500 чалавек са Швецыі, Беларусі, Босніі і Сербіі – ад дзяцей і моладзі да сямейных пар.

Палатачны лагер беларускай дэлегацыі.

На хвалях Атлантыкі

Гётэборг, Гутаборг, Гоцембург, Готэмборг, Гатэмбург. Як гаворыцца ў шведскім выразе: “Любімае дзіця мае шмат імёнаў”. Гэта горад, у які ўлюбляешся адразу.

Другі па колькасці жыхароў у Швецыі, ён размясціўся на заходнім узбярэжжы Скандынаўскага паўвострава. Гётэборг – невялікі па еўрапейскіх мерках мегаполіс, але багаты на сваю музычную культуру, незвычайную архітэктуру, культурнае жыццё, на шматлікія рэстараны і гандлёвыя цэнтры. Яго падножжа абмываюць хвалі Атлантыкі, якая заўсёды з’яўлялася і з’яўляецца гандлёвым шляхам.

У адрозненне ад беларускіх гарадоў, дзе вуліцы цесна прымыкаюць адна да адной і існуе выразная мяжа горада, шведскія гарады раскінутыя свабодна, неабмежавана. Таму не дзіўна, што каля цэнтра горада могуць быць лес, азёры і жывёлы, усё гэта строга ахоўваецца законам і самімі жыхарамі горада. Вось у такім асяроддзі, сярод лесу і каля возера, раскінуўся наш лагер.

На шляху да лагера

Шлях да Гётэборга быў доўгі і насычаны. Чатыры гадзіны мы ехалі да польскай мяжы, потым 12 гадзін па Польшчы, якая сустрэла сваімі ўтульнымі і прыгожымі домікамі, якія патанаюць у кветках і дэкаратыўных раслінах.

Ад польскага горада Гдыня мы адчалілі на вялікім белым пароме да шведскага берага. Наш карабель пад назвай “Stena Line”, белы і прыгожы, здзівіў сваімі памерамі. Людзі на яго фоне здаваліся маленькімі і такімі бездапаможнымі мурашкамі…

На караблі плылі не толькі шведы, але і палякі. Пасля невялікай іх спробы ўсталяваць кантакт і даведацца, адкуль мы едзем і куды, стала зразумела: тое, што гаворым мы на беларускай мове, палякі разумеюць вельмі добра.

Дзесяць гадзін мы плылі на пароме, але яны праляцелі хутка: пакуль абышлі ўсе магазіны і рэстараны, залы і палубы, дык і на гарызонце пачаў узнікаць сілуэт берага. Удалечыні былі бачныя лясы, чырвоныя домікі, маяк і белыя, падобныя да вялікіх стракоз, ветракі.

Хутка спусціліся з карабля праз вялікі зашклёны калідор у будынак порта горада Карлскрона. Шведы з інтарэсам разглядалі нас, гасцінна ўсміхаючыся.

“Усе – бландзіны”, — пранеслася ў мяне ў думках. І сапраўды, скандынаўскі тып знешнасці – гэта светлавалосыя і блакітнавокія людзі. Нечым яны падобныя да беларусаў…

Яшчэ восем гадзін мы ехалі на аўтобусе па Швецыі. Па дарозе мы не бачылі вялікіх гарадоў, толькі невялічкія пасяленні, пераважна адзінокія домікі, якія ў нас называюць хутарамі.

Шведскі стол

У чатыры гадзіны раніцы дэлегацыя Беларусі, якая складалася з 41 чалавека, прыбыла на месца. Гэта быў вялікі абсталяваны лагер, які з бакоў акружаў лес.

Хуценька паставілі свае палаткі і заснулі на некалькі гадзін, каб устаць у восем на першае сняданне. А потым чакаць астатніх, таму што з раніцы пачыналася афіцыйнае адкрыццё лагера.

У першы дзень мы спачатку паснедалі. На сталах, якія стаялі на сонечнай палянцы, нам выставілі кантэйнеры з рознымі відамі шматкоў, бутэлькамі ёгурту, малаком, латкі з белым і чорным хлебам, кілбасамі, сырам, маслам, а таксама тэрмасы з гарачай кавай і чаем.

Елі па прынцыпе шведскага стала: можна пакласці сабе ў посуд якой хочаш і колькі хочаш ежы. Кармілі нас шэсць разоў на дзень.

Падсілкаваўшыся, прайшліся па мясцовасці. Паблізу лагера ўбачылі вялікія спартыўныя пляцоўкі для футбола і пляжнага валейбола. У другім напрамку – некалькі вялікіх азёраў. На сваім шляху сустрэлі шмат шведаў, якія бегалі па прызначаных для гэтага дарожках. Усе ў спартыўнай форме. Спорту і здароўю тут надаецца асаблівая ўвага.

Шопінг для турыстаў

У Швецыі вельмі развіты шопінг. Шматлікія гандлёвыя цэнтры, у адзін з якіх мы наведаліся ў Гётэборгу – Nordstan. Гэты цэнтр уражвае разнастайнасцю магазінаў, асабліва ў якіх прадаецца адзенне. Тут са скідкамі магчыма з лёгкасцю купіць за 10 еўра джынсы сусветных брэндаў, такіх як Lee, ці жаночае адзенне марак H&M, Vero moda. Адзначу ветлівасць прадаўцоў, якія абавязкова з усмешкай на твары вітаюцца, упакуюць тавар.

Турысты купляюць рэчы і сувеніры на распродажы са скідкамі і ў “сэканд хэндах”. Тут я знайшла дзве прыгожыя талеркі з краявідамі Швецыі, шмат было там посуду, адзення, кніг, сувеніраў, якія былі дзешавейшыя, чым ў звычайных крамах горада. Сяброўкі накупілі прыгожых шкатулак, статуэтак.

Прагулка па горадзе

Пасля добрага шопінгу можна і прагуляцца па горадзе. Здзіўляе архітэктура, шматлікія помнікі вядомым дзеячам і дахі дамоў, якія зробленыя з медзі і маюць сіне-зялёны колер. Усе будынкі – і новыя, і старыя – выкананыя ў адным стылі, што надае гораду цэласнасць. Асфальту амаль няма – усе дарогі і тратуары брукаваныя. На вуліцы каля рэстаранаў выстаўленыя столікі, дзе людзі адпачываюць з кнігай за кубачкам кавы ці праводзяць дзелавыя сустрэчы.

Па каналу, які праходзіць праз цэнтр горада, плаваюць маленькія лодкі, адусюль гучыць музыка. Пад мостам праплывае вялікая лодка, у якое іграе цэлы аркестр…

У лагеры

Для ўдзельнікаў лагера шведы арганізавалі шмат мерапрыемстваў. На працягу ўсяго тыдня працавала палатка, дзе дзеці і дарослыя маглі ў любы час прыйсці і змайстраваць нешта з бісеру, тканіны, дрэва. Купаліся на возеры, вада ў якім была вельмі цёплая. Знаёміліся з іншымі дзецьмі і дарослымі са Швецыі, Босніі, Сербіі.

Прайшоў мітынг, на якім мы расказвалі пра сябе, пра нашу міжнародную арганізацыю “Маладыя арлы”, якія цяпер сабраліся ў лагеры. З раніцы нам раздалі вялікія чырвоныя палотны і белую фарбу, і разам са шведамі мы малявалі плакаты. У абед селі на трамвай і паехалі ў цэнтр горада.

Усе “арлы” былі апранутыя ў спецыяльныя майкі з лагатыпамі, якія атрымаў кожны – ад малога дзіцяці і яго маці да пенсіянераў. Прычым ўдзельнічалі ўсе. Малыя дзеці зрабілі бразготкі і барабаны, моладзь несла плакаты, дарослыя спявалі.

Парк і атракцыёны

Наступны дзень правялі яшчэ цікавей. На цэлы дзень адзін з самых вялікіх і лепшых паркаў Скандынавіі – Liseberg – быў наш. 36 самых разнастайных атракцыёнаў працавалі для нас. І катацца на іх мы маглі неабмежаваную колькасць разоў.

Карусель.

Чаго каштавалі адны толькі амерыканскія горкі і водныя атракцыёны, адкуль мы выходзілі ў мокрай адзежы, але абавязкова з усмешкай на твары. А сімвалы парку – два зялёныя зайцы – былі ўсюды. Нават на зялёнае святло святлафора загараўся сілуэт зайца.

Разам з зайцамі парку карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ”, выпускніца маладзечанскай СШ №2 Аксана Ельяшэвіч (справа) і яе аднакласніца Таццяна Шкет.

А Алея славы, у якой пакінулі сляды сваіх рук і свае аўтографы вядомыя ў свеце людзі, была акружаная дрэвамі, падстрыжанымі ў форме зайцаў. Парк жа аформлены ў выглядзе вялікага казачнага горада. Гэты горад я ад раніцы і да вечара, мабыць, увесь і не абышла са сваімі сяброўкамі, і засталася б там яшчэ на пару дзянькоў.

Спадзяёмся на новыя сустрэчы

У дзень закрыцця лагера быў падрыхтаваны канцэрт, дзе мы паказалі народныя танцы і песні на беларускай мове пад гітару. Для закрыцця была арганізаваная святочная вячэра, дзе зноў жа па прынцыпе шведскага стала раздавалі больш за 10 страў. Развітваліся з новымі сябрамі. Абменьваліся сувенірамі, тэлефонамі, адрасамі электроннай пошты і надзеямі сустрэцца зноў.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забяспечана Аксанай ЕЛЬЯШЭВІЧ.