Падрыхтоўка да “Дажынак-2011”, якія пройдуць у наступным годзе ў Маладзечне, плануецца пачаць з рамонту дарог на Гарадоцкай вуліцы і Вялікім Гасцінцы і пабудовы Лядовага палаца.

Старшыня райвыканкама Генадзь Кучко 20 ліпеня ў інтэрв’ю “РГ” расказаў: неўзабаве пачнецца рамонт дарогі на вуліцы Гарадоцкай – ад мясакамбіната да Старога Места. Пачнуць таксама рамонт часткі Вялікага Гасцінца. Дакументы па гэтых работах цяпер знаходзяцца на экспертызе. Калі яна будзе закончаная, стане вядома, якія менавіта ўчасткі галоўнай магістралі горада будуць рамантаваць.

Па словах Генадзя Кучко, у верасні пачнецца будаўніцтва Лядовага палаца. Яго будуць узводзіць на пляцоўцы паміж малочным заводам і інтэрнатам прафесійна-тэхнічнага каледжа. Да “Дажынак” палац павінны быць пабудаваны. Спартыўнае збудаванне разлічанае мінімум на 1,5 тысячы месцаў. Плануецца, што тут будзе не толькі лядовая пляцоўка, але і басейн альбо лёгкаатлетычны манеж. Што менавіта – пакуль не вырашана. Стары праект палаца цяпер дапрацоўваецца.

Генадзь Кучко сказаў таксама: альбо з наступнага тыдня, альбо пасля ўборкі ўраджаю для абмеркавання далейшых планаў падрыхтоўкі да “Дажынак-2011” у Маладзечна прыедзе старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура. Надалей планёркі па падрыхтоўцы да гэтага рэспубліканскага мерапрыемства будуць праводзіцца кожны тыдзень. Будзе абмяркоўвацца, што можна зрабіць у гэтым годзе, што – у наступным.

“Падрыхтоўку да “Дажынак-2011” нам трэба пачынаць ужо цяпер, бо калі адкладаць на наступны год – рызыкуем не справіцца”, – сказаў Генадзь Кучко.

Сяргей ЗЯНЬКО.