Смаргонцы ў 1/16 кубка Беларусі па футболе стварылі мінчанам праблемы. Першы тайм гаспадары выйгралі 1:0, чым прымусілі гасцей хутчэй забегаць па полі.

Дастойная гульня з дастойным сапернікам

“Матч дынамаўцы, як ні дзіўна, пачалі гульнёй ад абароны, другім нумарам, – расказвае ў інтэрв’ю “РГ” наш футбольны эксперт, смаргонскі балельшчык Мікалай Кіндра. – Мы ні ў чым не саступалі аднаму з лідэраў вышэйшай лігі, а на 26 хвіліне выйшлі наперад. Прыгожым ударам з 25 метраў са штрафнога міма сценкі і міма варатара мяч у вароты паслаў Мікалай Фастаў. Балельшчыкі адразу натхніліся, сталі больш актыўна падтрымліваць сваю каманду. Паміж імі пачаліся нават размовы, з кім давядзецца гуляць у 1/8 фіналу”.

Па словах Мікалая Кіндры, пасля прапушчанага гола мінчане вымушаныя былі хутчэй забегаць па полі. Як вынік, было створана некалькі небяспечных момантаў. У адным з іх выручыў наш варатар Валеры Макарэвіч, у другім удар адбіла штанга. І ўсё ж на перапынак каманды пайшлі з мінімальнай перавагай “Смаргоні”.

У другім тайме сталічныя футбалісты правялі чатыры замены, гэта актывізавала іх гульню. Дынамаўцы літаральна “селі” на вароты гаспадароў. Смаргонцам жа не было кім узмацняць састаў. Макалай Кіндра расказаў, што двое гульцоў асноўнага саставу былі траўмаваныя, а нападаючы Дзмітры Вярстак паехаў у Польшчу на прагляд у адну з польскіх камандаў. Кароткая лаўка запасных не дазволіла нашым футбалістам захаваць перамогу.

У другой палове гульні нас двойчы зноў выручыла штанга. Самааддана гуляў варатар. Абаронцы па-хакейнаму кідаліся пад удары. Тым не менш, на 63 хвіліне пасля падачы вуглавога гол у нашы вароты галавой забіў Алег Шкабара – 1:1. Да дадатковых двух таймаў справа, на жаль, не дайшла. На 85 хвіліне Антон Пуціла адзін абыграў некалькіх смаргонскіх абаронцаў і дакладна прабіў у ніжні вугал варот – 1:2.

Падтрымаць сваю каманду ў Смаргонь прыязджала каля сотні мінскіх фанатаў. Наша міліцыя здолела не дапусціць канфліктаў і сутычак. Зрэшты, па словах Мікалая Кіндры, сталічныя фаны не паводзілі сябе агрэсіўна, а проста падтрымлівалі сваіх любімцаў.

“Агульныя ўражанні ад матча – станоўчыя. Сустрэча спадабалася. Канешне, ніхто з балельшчыкаў не думаў, што “Смаргонь” можа выйграць. Спадзяваліся на дастойную гульню. А атрымалася яна вельмі дастойнай”, – сказаў Мікалай Кіндра.

У чэмпіянаце ў першай лізе працягваецца перапынак. Пасля яго першы матч другога круга правядзём 7 жніўня. Паедзем у Мінск да СКВІЧа, а потым, 14 жніўня, – дамашняя гульня з “Рудзенскам”.

Сяргей ЗЯНЬКО.