Агнястрэльнае раненне ў грудзі 17 ліпеня атрымаў 31-гадовы рабочы на будаўніцтве прыватнага дома ў Ракаве. Пацярпелы быў паранены куляй ад паляўнічага патрона.

Чацвёра будаўнікоў са Жлобінскага раёна ў Ракаве займаліся аддзелачнымі работамі на прыватным доме, расказаў у інтэрв’ю “РГ” намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч. За некалькі дзён да здарэння адзін з іх знайшоў у зямлі паляўнічы патрон. Мужчына паклаў яго на сонца, каб ён падсох.

У суботу, 17 ліпеня, будаўнікі вырашылі праверыць: ці выстраліць патрон. Знайшлі металічную трубку патрэбнага дыяметру, адпілавалі ад яе кусок сантыметраў 40. Адзін будаўнік засунуў патрон у трубку. Пасля гэтага шпатэлем пачаў біць па капсулі.

Трубка пры гэтым была скіраваная ў бок напарнікаў “стралка”. Прагучаў выстрал. Куля ад патрона трапіла ў жывот 31-гадовага рабочага. У рэанімацыйным аддзяленні бальніцы параненаму паставілі дыягназ: агнястрэльнае раненне са скразным пашкоджаннем страўніка, унутраны крывацёк.

Па словах Віталя Юрэвіча, пасля здарэння правялі медыцынскі агляд рабочага, які зрабіў гэты незвычайны выстрал. У яго крыві знайшлі чатыры праміле алкаголю, што адпавядае прыкладна 700-800 грамам выпітай гарэлкі.

Праверку па факце здарэння праводзіць міліцыя. Пакуль невядома, ці будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Калі пацярпелы напіша заяву, справу могуць узбудзіць па артыкуле “Прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці”. Але толькі ў тым выпадку, калі ў “стралка” не было намеру спецыяльна выстраліць у свайго напарніка. Там ужо зусім іншы артыкул, куды больш суровы.

Сяргей ЗЯНЬКО.