Закон аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у законную сілу 7 ліпеня. Ад гэтага дня на працягу шасці месяцаў у Беларусі з калоній на свабоду выйдзе каля 2300 чалавек.

Яшчэ каля 1000 чалавек выйдзе з месцаў абмежавання волі.

Маладзечанская міліцыя чакае, што за гэтыя паўгода ў Маладзечна і раён па амністыі вернецца каля 75 чалавек. Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” паведаміў начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела ўнутраных спраў Уладзімір Глінскі. Па яго словах, таксама вызваляць ад пакарання ці скароцяць тэрмін адбывання пакарання прыкладна 150 чалавекам, якія адбываюць яго ў горадзе ці раёне, па месцы жыхарства.

Акрамя гэтага, каля 100 чалавек вернецца з месцаў не вельмі далёкіх не па амністыі, а проста адсядзеўшы сваё.

Сярод асуджаных, якія дзякуючы амністыі зноў будуць жыць побач з законапаслухмянымі людзьмі, – зладзеі, махляры, хуліганы, наркаманы (калі яны вылечыліся), аліментшчыкі (калі яны выплацілі аліменты), а таксама тыя, хто здзейсніў злачынства па неасцярожнасці.

Не выпусцяць забойцаў, гвалтаўнікоў, разбойнікаў, карупцыянераў – усіх тых, хто сядзіць за здзяйсненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Злосныя рэцэдывісты таксама не падлягаюць амністыі.

Першая інстанцыя, якую павінны наведаць вызваленыя, – крымінальна-выканаўчая інспекцыя. Тут яны пройдуць усе неабходныя працэдуры. У іх чарговы раз возьмуць адбіткі пальцаў, біялагічныя ўзоры. Яны стануць на ўлік да сваіх участковых інспектараў і іншае.

Па словах Уладзіміра Глінскага, сярод амніставаных, канешне, будуць і тыя, хто страціў усе свае сацыяльныя сувязі – жыллё, работу, дакументы. Пасля праходжання неабходных працэдур у інспекцыі, гэтых людзей накіруюць у гарадскі і раённы цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пры неабходнасці, ім павінна быць аказаная гуманітарная, матэрыяльная, медыцынская, юрыдычная, псіхалагічная дапамога. У цэнтры занятасці для амніставаных забраніраваныя працоўныя месцы. Абавязкі прыняць і забяспечыць гэтых людзей любой сацыяльнай падтрымкай ускладзеныя на мясцовыя ўлады.

Кожнаму дадуць на рукі па 40 тысяч рублёў. Для аплаты пошлін па афармленні розных дакументаў. Праўда, адзначае Уладзімір Глінскі, як паказвае вопыт, не кожны выкарыстае гэтыя грошы па прызначэнні. Некаторым прасцей купіць на іх таннага віна.

Начальнік маладзечанскай крымінальна-выканаўчай інспекцыі паведаміў таксама, што ёсць рашэнне Мінаблвыканкама стварыць у Мінскай вобласці чатыры цэнтры часовага пражывання для людзей без пэўнага месца жыхарства. У тым ліку, для тых, хто вяртаецца на свабоду.

Мяркуецца, што такія цэнтры павінны быць створаныя ў Мінскім, Барысаўскім, Салігорскім і Маладзечанскім раёнах.

Дырэктар цэнтра занятасці насельніцтва Уладзімір Кушнярэвіч сказаў у інтэрв’ю “РГ”, што ў нас пытанне адкрыцця гэтай установы знаходзіцца пакуль на стадыі распрацоўкі і абмеркавання. Гаварыць пра нейкія пэўныя тэрміны адкрыцця цэнтра рана.

Ці варта законапаслухмяным грамадзянам баяцца вяртання на волю асуджаных? Як сцвярджае Уладзімір Глінскі, толькі 10 працэнтаў тых, хто вызваліўся па амністыі, зноў вяртаюцца ў калоніі. Абсалютная большасць гэтых людзей цэняць свабоду і больш на зону не хочуць.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота kp.ru.