Поўным ходам ідзе будаўніцтва аздараўленчага блока з басейнам у школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых на скаліёз.

Чашу будучага басейна пачынаюць заліваць. Гэта самая адказная праца ў праекце.

“З першага студзеня мы зможам праводзіць лячэбныя працэдуры для нашых дзяцей у новым выдатным памяшканні”, – спадзяецца дырэктар Уладзімір Ляговіч:

У Маладзечанскую школу прыязджаюць дзеці, хворыя на скаліёз, з усёй вобласці. Усяго вучняў 170, мясцовых набіраецца не больш за 7%. Таму гэта ўстанова адукацыі мае значэнне не толькі для Маладзечна.

“Гадоў 15-20 таму ўжо пачыналі рабіць басейн, – расказвае Уладзімір Ляговіч. – Але праца была спыненая, бо не хапіла сродкаў. Аднак школа такога тыпу адна на вобласць, таму новы праект ўвайшоў у прэзідэнцкую праграму “Дзеці Беларусі”. З абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў на будаўніцтва  выдзелена  амаль па чатыры мільярды рублёў”.

Гэтая ўстанова – агульнаадукацыйная санаторная школа-інтэрнат. Дзеці з 1, 2 і 3 ступенямі захворвання на скаліёз праводзяць тут ад чвэрці да аднаго навучальнага года. Даведаўшыся, як патрэбна пазбаўляцца ад хваробы, яны едуць дадому.

Ёсць некалькі складнікаў лячэння захворвання. Дзеці вучацца лежачы, прытрымліваюцца дыеты, прызначаецца спецыяльны масаж, праводзяцца заняткі лячэбнай фізічнай культуры.

І адна з асноўных працэдур – гэта плаванне. Заняткі праводзяцца па гадзіне два разы на тыдзень. Раней дзяцей перавозілі са школы ў гарадскі басейн, але гэта заўсёды было праблемай:

“Трэба было сабраць дзяцей, завесці іх ў аўтобус. Ехаць праз увесь горад, там выводзіць з аўтобуса ў басейн. Пасля басейна адразу ж збіраць і везці назад. І так кожны дзень. Па-першае, такая паездка патрабуе арганізацыйных намаганняў.

Па-другое, і галоўнае, пасля басейна дзецям трэба адпачыць і пабыць у памяшканні. А з гарадскога басейна выходзілі адразу. Дзеці і так не цалкам здаровыя, а зімой яшчэ часам пасля такой паездкі прастуджваліся.”

Злучаны з асноўным памяшканнем, аздараўленчы блок здымае гэтыя пытанні тэхнікі бяспекі. Усё на месцы – усё пад кантролем.

На першым паверсе будуць размешчаныя ізалятар, душавыя, ванныя, санітарныя і іншыя пакоі. На другім – кабінеты артапедаў, педыятра, фізіятэрапеўта, неўролага, стаматолага і іншых медыцынскіх работнікаў. Таксама плануюцца пакоі для цепла- і электралячэння, залы для масажу і для ЛФК.

Да лячэбнага блока прымыкае будучы басейн. “Спецыялісты ўжо пачынаюць заліваць чашу басейна, – расказвае майстар будаўніча-мантажных работ Уладзімір Эгліс. – Гэта самая галоўная справа ў праекце. У цэлым работы яшчэ многа, але галоўнае – каробку – мы зрабілі.

Дырэктар школы неяк запытаўся, чаму ў мяне на аб’екце не больш за 50 работнікаў адначасова працуе. А навошта перашкаджаць адзін аднаму? Мы працуем у дзве змены, з 7 раніцы да 23 вечара. Таму ўсё паспяваем. І да студзеня, думаю, справімся”.

У пабудове ўжо ёсць батарэі, зробленая знешняя тынкоўка. Праўда, пакуль не ўзгоднена, якога колеру будзе аздараўленчы комплекс.

“Мы ўсе вельмі чакаем дня адкрыцця басейна, – гаворыць Уладзімір Ляговіч. – Новы комплекс будзе не толькі карысны для здароўя дзяцей, але і дасць новыя працоўныя месцы.

Калі цяпер нашы спецыялісты вылечваюць ці прыводзяць стан здароўя да стабілізацыі ў 95% выпадкаў, то з дапамогай новай пабудовы мы разлічваем гэты паказчык яшчэ павысіць”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.