25 ліпеня ў вёсцы Быстрыца адкрыты помнік ахвярам халакосту – двухметровая гранітная пліта з надпісамі на трох мовах – беларускай, іўрыце і англійскай.

Усталявалі помнік на месцы расстраляных нацыстамі ў 1944 годзе 143 яўрэяў.

На адкрыццё прыехалі першы сакратар пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Генадзь Палішчук, кіраўнік прадстаўніцтва Амерыканскага яўрэйскага аб’яднанага размеркавальнага камітэта ў Беларусі Ёшы Лейфер, старшыня яўрэйскай арганізацыі вязняў канцлагераў Міхаіл Трэйсцер, старшыня іудзейскай рэлігійнай абшчыны Гродна Барыс Квіткоўскі і члены саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

Адкрываючы мітынг, Генадзь Палішчук справядліва заўважыў, што тут няма чужых людзей.

Цяперашнія жыхары Быстрыцы, хоць самі і не памятаюць тых трагічных падзей, але трапятліва адносяцца да гісторыі роднай вёскі, а журботныя старонкі мінулай вайны з яе не выкрасліш.

Сям’я Даг Шнайдар і Джоні Клэйстар прыехала з Вялікабрытаніі, а сям’я Лазарусаў – з ЗША. Менавіта дзякуючы ім у Быстрыцы з’явіўся помнік.

Раз на два гады гэтыя людзі адпраўляюцца ў турнэ па краінах, дзе ў гады Другой сусветнай вайны нацысты па-зверску расправіліся з яўрэямі. І ўкладваюць ўласныя зберажэнні ў памяць. Толькі на Астравеччыне іх стараннямі ўсталяваны другі помнік.

Першы быў адкрыты год назад на старых яўрэйскіх могілках у Міхалішках. Таму журботны мітынг у памяць аб ахвярах халакосту з Быстрыцы плаўна перамясціўся ў Міхалішкі – тут да падножжа помніка ляглі жывыя кветкі.

Дарэчы, менавіта ў Міхалішках нарадзілася ідэя ўвекавечання памяці быстрыцкіх яўрэяў, якая праз год увасобілася ў строгі абеліск.

Аддзел інфармацыі “РГ”.

Фота Вольгі Шаўкун.