Ад суботняга вечара 24 ліпеня да нядзельнай раніцы на вадасховішчы адбылася вечарына пад адкрытым небам, ці, як яе назвалі арганізатары, Pantheon OpenAir Party.

Аб гэтым “РГ” паведаміў Сямён, адзін з удзельнікаў прома-гурта INNER SPACE.

На пляжы каля вёскі Рабунь прома-гурт стварыў арганізаваны адпачынак для аматараў электроннай музыкі і прыемнага правядзення часу на прыродзе. “Кожная наша вечарына не падобная да іншых, – падзяліўся Сямён. – Мы робім многае, каб захаваць цікавасць да мерапрыемстваў прыхільнікаў гэтага стылю.

Флюарэсцэнтная тканіна стварала сюррэалістычныя вобразы.

Флюарэсцэнтная тканіна стварала сюррэалістычныя вобразы.

Дыджэі-электроншчыкі былі рады паказаць сваё майстэрства.

Дыджэі-электроншчыкі былі рады паказаць сваё майстэрства.

Нашы вечарыны заўсёды праходзяць у новых месцах, таму людзі нават не ведаюць, куды едуць. Мы здзіўляем гасцей дызайнам, рыхтуем захапляльныя шоу. Праўда, на гэтай вечарыне атрымалася не ўсё, як планавалі. Напрыклад, спазніўся дызайнер, і мы не змаглі рэалізаваць усе ідэі. Але, нягледзячы на некаторыя непрыемнасці, нам было чым парадаваць наведнікаў”.

Сталы дыджэяў былі ўпрыгожаныя біфлексам. Гэта сінтэтычная тканіна яркіх колераў, якая добра цягнецца за кошт лайкры. У спалучэнні са спецыяльнымі флюарэсцэнтнымі ніткамі яна стварала вобраз нейкай шматпрасторавай дзіравай пячоры.

“Такія флюарапалотны свецяцца пад спецыяльнымі лямпамі, – тлумачыць Сямён. – Таму ў нас было і спецыяльнае святло: ультрафіялетавыя лямпы, страбаскоп. У гэтым годзе мы паказалі лазернае шоу. Усё разам гэта глядзіцца надзвычай эфектна. У такіх умовах музыка ўспрымаецца зусім інакш. Менавіта так, як, на мой погляд, і павінна ўспрымацца сапраўдная электронная музыка. А на вечарыну мы ж і збіраем з-за прыхільнасці да гэтай музыкі”.

На OpenAir прыехала паўтары сотні чалавек з розных куткоў Беларусі. Былі як тыя, хто ведаў, куды трапіў, так і выпадковыя людзі. За такімі было асабліва цікава назіраць. Глядзелі на ўсё вялікімі вачыма, бо ніколі такога не бачылі. Былі і тыя, хто прыйшоў проста на дыскатэку і не мог зразумець, што гэта за музыка такая.

“Мне было прыемна зрабіць свята не толькі для сябе, але і для ўсіх адпачывальнікаў, – расказвае ўдзельнік прома-гурта. – Але такая моцная тэхніка каштуе добрыя грошы. Таму ладзіць такія вечарыны толькі для сваёй кампаніі нявыгадна.

Вялікая колькасць людзей таксама ўплывае на ўспрыманне музыкі. Гэта вялізная розніца – паслухаць музыку праз плэер і на канцэрце. Спецыяльная падрыхтоўка да падобнага мерапрыемства набліжае вечарыну да нейкага таінства. Я магу параўнаць гэта са святкаваннем Купалля. Толькі там святкуюць летняе раўнадзенства, а мы – якаснае і відовішчнае праслухоўванне электроннай музыкі”.

Дарэчы, прыемным момантам было раптоўнае знікненне камароў. Некаторыя госці вечарыны нават вырашылі, што электронная музыка – найлепшы сродак ад камароў.

Сярод выступоўцаў былі вілейскія і мінскія выканаўцы. Размяшчаліся яна на двух пляцоўках. На першай, галоўнай, гучалі напрамкі psychedelic trance, drum&bass, neurofunk. Другая пляцоўка была прызначаная для расслабляючай музыкі, ці chill-out.

З дыджэяў публіцы найбольш спадабаліся Gatecrasher, Christ , Pwnage. Гэта ўжо сталыя дыджэі, яны працуюць па 5-7 гадоў. Але некаторых самі арганізатары бачылі ўпершыню.

Летась прома-гурт INNER SPACE ужо правёў такую самую вечарыну. І, хутчэй за ўсё, сёлетняя таксама не была апошняй.

Электронная музыка ў Вілейцы

У Беларусі электронная музыка толькі набірае абароты. За межы Мінска пакуль далёка не распаўсюджаная. У Мінску ёсць два асноўныя прома-гурты, якія займаюцца прасоўваннем гэтай культуры. AMNEZIA арыентуецца на тэхна, яны набліжаныя да цяжкай музыкі. А вось Arkanico family больш займаецца стварэннем самой атмасферы свята. Усе гэтыя дызайнерскія фішкі – флюарэсцэнтная тканіна і іншае – вельмі істотны дадатак да музыкі.

“Наша кампанія аднойчы выпадкова трапіла на вечарыну, падобную да нашай, – успамінае Сямён. – Мы тады вучыліся ў Мінску і пачулі пра яе. Было гэта гадоў пяць таму, і на той час шматтысячнае мерапрыемства нас уразіла. Потым мы пачалі шукаць праз сеціва падобныя сустрэчы. Аказалася, што гэта вельмі проста.

Спрабавалі пускаць такую музыку на вілейскай дыскатэцы. Знайшлася група прыхільнікаў, але многія яе проста не зразумелі. Тады гэта яшчэ быў андэграўнд. Але нашай кампаніі не падабаліся звычайныя мясцовыя дыскатэкі. Мы лічым, што найперш расслабляць павінна праслухоўванне любімай музыкі з сябрамі ў прыемнай абстаноўцы.

Таму мы арганізавалі свой уласны вілейскі прома-гурт. І час ад часу ладзім падобныя вечарыны для таго, каб мы і нашы госці культурна і прыгожа адпачывалі.

А такую абстаноўку можна тварыць па-рознаму. Гэта можа быць вогненнае шоу ці нейкае тэатральнае выступленне пад музычнае суправаджэнне. Галоўнае, каб людзям падабалася, як яны праводзяць час”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота забяспечана прома-гуртам INNER SPACE.

Даведка “РГ”.

Электронная музыка – гэта асаблівы жанр, які абагульняе музыку, створаную пры дапамозе электронных інструментаў. Да іх адносяцца сінтэзатар, лазерная арфа (такі прыбор складаецца з некалькіх лазерных промняў, якія неабходна перакрываць. Гэта аналагічна шчыпкам струн звычайнай арфы) і іншыя.

Часам вылучэння яе ў асобны жанр прынята лічыць пачатак 70-х. Гурты Organisation, Cluster і іншыя выканаўцы бралі асноўныя ідэі з псіхадэлічнага року і акадэмічнага авангарду. Яны стваралі эксперыментальную гукавую аплікацыю. Іх ідэя – стварыць з дапамогай электроннай музыкі новы выяўленчы сродак, які можа выклікаць у свядомасці сюррэалістычныя вобразы.

Можна вылучыць тры асноўныя напрамкі.

Электронна-інструментальны ўтрымлівае аматараў выкарыстоўваць усе магчымасці жанра. З дапамогай разнастайных інструментаў атрымліваюцца разгорнутыя сінтэзатарныя творы.

Эмбіент, ці гукі навакольнага асяроддзя. Ён пазбаўлены канкрэтнага рытму і мелодыі.

А таксама электронная музыка, прыстасаваная да песеннага жанру. Адрозніваецца танцавальным рытмам. Гук становіцца штучным, бо сінтэзатары больш не імітуюць гучанне рэальных інструментаў.

У 90-х злучэнне эмбіенту і этнічнай музыкі дало жыццё новаму напрамку – “нью-эйдж”. Сучасныя гурты не прытрымліваюцца чыстых напрамкаў. Многія заснавальнікі жанру цяпер шукаюць цікавыя ідэі ў маладых музыкантаў.