Учора маладзечанскія брыгады “хуткай дапамогі” дапамаглі амаль двумстам пацыентам. Па словах старэйшага фельчара “хуткай дапамогі” Тамары Захарыч, амаль палова з іх скардзілася на ціск.

“Такое надвор’е, як цяпер, не можа не ўплываць на стан здароўя, – патлумачыў загадчык кардыялагічнага аддзялення гарадской бальніцы №1 Міхаіл Шаўлюк. – Усім людзям, і асабліва тым, хто мае праблемы з ціскам, неабходна сачыць за пераменамі надвор’я. Самаадчуванне можа пагоршыцца да, пасля і падчас яго скачкоў”.

“Ад атмасферных перамен ціск можа змяніцца і нязначна, – гаворыць Тамара Захарыч. – Але пацыенту будзе балець галава ці нават павысіцца тэмпература. Да кожнага выпадку мы ставімся вельмі насцярожана, бо здараюцца непрадказальныя вынікі.

Тэмпература можа павысіцца ад таго, што чалавек папіў халоднай вады, і ў яго адбылася звычайная вірусная інфекцыя. Але могуць быць і больш сур’ёзныя прычыны, якія адразу не вызначыш.

Параўноўваючы з мінулым годам, магу сказаць, што сёлета да нас па дапамогу звяртаюцца часцей. І хаця мы стараемся і імкнёмся дапамагчы кожнаму, не заўсёды атрымліваецца прыехаць хутка. Гэта звязана з цяперашнім пікам выклікаў. Таксама ў горадзе становіцца ўсё больш транспарту, і нам цяжэй даехаць.

Як медык, раю людзям як мага менш знаходзіцца пад адкрытым сонцам, дзецям і пажылым людзям абавязкова насіць галаўныя ўборы. Зараз лета, таму трэба варыць са свежых ягад морсы і кампоты. Такія напоі трэба піць часцей. Часам галава можа балець менавіта з-за таго, што ў арганізме мала вадкасці.

Не дапускайце эмацыйных перагрузак. Сама думка, што зараз празмерна горача, можа пагоршыць вашае самаадчуванне. Падтрымлівайце добрыя адносіны з блізкімі і прыемны настрой. Радуйцеся кожнаму дню, і вы самі сабе забяспечыце здароўе”.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота bymedia.net