“Замуж выйсці – трэба знаць, позна легчы, рана ўстаць”, – гэта так калісьці настаўляла перад вяселлем маю знаёмую бабуля. І, быццам бы, прагаварыла.

Пасля заканчэння інстытута трапілі маладыя па размеркаванні ў вёску. Як яны адразу перажывалі! Колькі слёз, жывучы на прыватнай кватэры, вылілі. І ўсё лічылі дні, калі ж, нарэшце, закончыцца іх ссылка. Калі, адпрацаваўшы належны тэрмін, сям’я зможа перабрацца ў горад.

Праз год праўленне гаспадаркі пабудавала ім домік, выдзеліла месца ў калгасным садку для дачкі, прапанавала ў крэдыт карову. Думалі, возьмуць рагулю толькі на год. А будуць ад’язджаць, адвядуць назад у калгас. Ды нездарма кажуць: хочаш насмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы.

Адпрацаваўшы два гады ў вёсцы, яны раптам зразумелі, што не хочуць мяняць яе на горад. Дзе трэба, як казаў Алесь, пачынаць з нуля. А тут – усё наладжана: дом, гаспадарка, гарод, работа, суседзі, нядрэнныя калегі.

Бабулю з яе “замуж выйсці – трэба знаць, позна легчы, рана ўстаць”, Зіна, праўда, успамінала ледзь не кожны дзень. За акном толькі чуць пасвятлее, а яна ўжо з вядром бяжыць у хлеў даіць карову, упраўляе гаспадарку. Бо трэба ж яшчэ дзецям дапамагчы сабрацца ў школу, самой на працу паспець.

Іх дачка так жыць не хацела. Яшчэ ў дзевятым класе паставіла бацькоў перад фактам: “ Паступлю ў інстытут, выйду ў гадоў 20 за крутога замуж і буду ездзіць у “Джыпе”. Зіна з Алесем толькі рагаталі. Што возьмеш з неразумнага дзіцяці?

А яно тым часам расло. І, як і абяцала, паступіла ў інстытут. Толькі замуж сабралася раней, на першым курсе. Ды не за крутога якога, а за аднакурсніка. “Дачушка, – угаворвала маці, – вы ж пасябруйце, пачуцці праверце?”

Ліза не чула. “Не дазволіце жыць разам, – сказала яна на развітанне, – скокну з пятага паверха інтэрната. Тады пашкадуеце”.

Назаўтра, выгнаўшы свае “Жыгулі” з гаража, бацька паехаў у сталіцу. Знайшоў аднапакаёвую кватэру праз агенцтва нерухомасці, заплаціў гаспадыні грошы за два месяцы наперад. Пражылі там маладыя толькі паўтара. Скончылася, як заявілі пасля, каханне. Ён вярнуўся з чамаданам у свой інтэрнат, яна – з падушкамі і коўдрай на бацькавых “Жыгулях” дадому. “Не для таго я нарадзілася, каб мыць яму кашулі і прасаваць штаны”, – мітынгавала на кухні дзяўчына. А бацькі ціха радаваліся, што нікому не расказалі пра яе замужжа.

Праз год Ліза зноў знайшла сабе хлопца. Ён, канешне, быў не прынц, але сацыяльны пакет абяцаў. Дзякуючы бацьку, дырэктару прадпрыемства. Толькі той раптам паставіў сыну ультыматум: раз надумаў жаніцца, значыць – кармі сям’ю сам. Памыкаліся чатыры месяцы маладыя ды… разбегліся.

На гэты раз Ліза была ціхая і пакорлівая. А пасля заканчэння інстытута выйшла замуж за аднакласніка Сяргея і паехала з ім падымаць нейкі завод. Ёй ужо не патрэбны чужы “Джып”. Кажа, што для таго, каб стаць генераліхай, замуж трэба выйсці за лейтэнанта…

Марына СЛІЖ.