За палярным кругам пабывалі турысты маладзечанскага турклуба “Пілігрым”. З паходу па гарах Кольскага паўвострава Расіі нашы вярнуліся ў Мінск 24 ліпеня.

Кіраваў паходам Яўген Роўда. Разам з ім па горных перавалах і цяснінах хадзілі Валянціна і Ян Талпыгі (маці з сынам), Яўген Станёў і Іван Сіняўскі.

Група 6 ліпеня на электрычцы даехала да Мінска, адтуль на цягніку Мінск–Мурманск двое сутак ехалі да станцыі Апатыты-1. Гэта ўжо за палярным кругам, у цэнтры Кольскага паўвострава.

“Ад Апатытаў-1 дабраліся да горада Кіраўска, – расказвае Яўген Роўда. – Кіраўск стаіць сярод гор. Гэта рабочы горад гарнякоў. Ад Кіраўска пачалася актыўная частка нашага паходу”.

Па словах Яўгена Роўды, праз суткі пасля Кіраўска група была на першым перавале, які называецца перавал Географаў. Надвор’е няласкава сустрэла маладзечанцаў. На горы “зваліліся” аблокі. Давялося чакаць, пакуль яны рассеяцца, каб спусціцца з гор, бо бачнасць была вельмі дрэнная.

Горы Хібіны, праз якія ішлі нашы турысты, адметныя тым, што тут у 1930 гадах, у перыяд індустрыялізацыі, была створаная адна з першых геалагічных станцый для геолагаразведкі. Станцыя працавала тут і ў час вайны. У 1945 годзе яе знесла лавінай, але рэшткі захаваліся да сённяшніх дзён.

Яўген Роўда расказвае, што далей на шляху было цудоўнае прыгожае месца – цясніна Аку-Аку. Яна працягласцю прыкладна шэсць кіламетраў. А ў сярэдзіне Аку-Аку – дзіўнае па чысціні возера з ізумруднай вадой.

Хібіны невысокія, расказвае Яўген Роўда, самы высокі пункт – 1100 метраў. Калі вечарам на горы садзяцца аблокі, бачнасць становіцца не больш за 20-25 метраў. Ісці ў такіх умовах вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй арыентавацца ў прасторы. Зрэшты, вечар у Запаляр’і – паняцце ўмоўнае. Палярны дзень. Сонца амаль не заходзіць. А днём яно перасоўваецца да поўдня, сагравае скалы, аблокі паднімаюцца вышэй, і – можна ісці далей.

Рэкі ў Хібінах не вельмі шырокія, затое дастаткова хуткія. Проста так іх не перайсці. Таму турысты наводзілі пераправы. Ад цясніны Аку-Аку перайшлі ў даліну. З дапамогай вяровак пераправіліся праз раку Гальцоўка і на наступны дзень падышлі да стацыянарнай станцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, што размешчаная прама ў гарах.

“Калі прайшлі базу выратавальнікаў, суровы паўночны клімат паказаў сябе ва ўсёй красе, – працягвае свой расповяд Яўген Роўда, – узняўся моцны вецер. Палаткі проста вырывала з зямлі. Я зразумеў, што заставацца ў гарах небяспечна. Таму прыняў рашэнне весці групу ў даліну, бліжэй да Кіраўска”.

За два дні маладзечанцы прайшлі перавал Безымянны і выйшлі да возера Малы Вудзіяр. Вандроўнікі своечасова сышлі з гор, бо падышлі хмары і пачаліся моцныя дажджы. На Вудзіяры група правяла паўтара сутак, потым вандроўнікі дайшлі да Кіраўска, затым – да Апатытаў-1. Там селі на цягнік і паехалі ў Мінск. За 14 дзён актыўнай часткі паходу турысты прайшлі больш за 160 кіламетраў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Яўгенам РОЎДАМ.